У Беларусі з 1 лютага павышаецца бюджэт пражытачнага мінімуму
Фота з архіва
1 лютага, Мінск . У Беларусі з 1 лютага павялічваюцца памеры бюджэту пражытачнага мінімуму. Новы памер БПМ будзе дзейнічаць па 30 красавіка 2024 года, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Як стала вядома, БПМ у сярэднім на душу насельніцтва ў параўнанні з яго значэннем, устаноўленым з 1 лістапада 2023 года, павялічыцца на 10,6 працэнта і складзе Br406,74.
Па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах зацверджаны наступныя памеры БПМ: працаздольнае насельніцтва — Br434,60; пенсіянеры — Br298,43; дзеці ва ўзросце да трох гадоў — Br260,39; дзеці ва ўзросце ад трох да шасці гадоў — Br349,90; дзеці ва ўзросце ад шасці да васямнаццаці гадоў — Br406,30.
У Мінпрацы адзначылі, што рост гэтага сацыяльнага нарматыву абумоўлены ў першую чаргу змяненнем якаснага складу мінімальнага набору прадуктаў харчавання, што ўваходзіць у пражытачны мінімум, зацверджаным рашэннем урада ад 9 кастрычніка 2023 года нумар 666.
Змяненні закранаюць каля 1,5 млн атрымальнікаў сацыяльных выплат, устаноўленых ад БПМ.
У сувязі са змяненнем БПМ аўтаматычна пераглядаюцца ўбудаваныя ў сістэму сацыяльнай абароны асобныя сацыяльныя выплаты. Гэта памеры дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, даплаты да пенсій, дапамогі па догляду інваліда І групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту і сацыяльныя пенсіі.