XXXII Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Лідзе 6 і 7 верасня
Фота з архіва
11 жніўня, Мінск . XXXII Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Лідзе 6 і 7 верасня. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве інфармацыі.
У гэтым годзе мерапрыемства прысвечана некалькім значным датам: 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, 500-годдзю выхаду кнігі «Апостал» Францыска Скарыны, а таксама юбілеям выдатных дзеячаў нацыянальнай літаратуры.
Урачыстае адкрыццё свята і цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі і «Лідскія чытанні» запланаваны на 6 верасня.
Традыцыйна Міністэрства інфармацыі арганізуе Фестываль кнігі і прэсы, дзе можна будзе пазнаёміцца з навінкамі беларускага выдавецкага рынку. Гасцей чакае насычаная праграма: інтэрактыўныя зоны ад БРСМ, Беларускага саюза жанчын, бібліятэк і СМІ Гродзенскай вобласці, спартыўныя і дзіцячыя пляцоўкі, работа фудкортаў, рэкламна-інфармацыйны тур па славутых мясцінах горада і раёна.