Хакеісты «Ліды» і «Нёмана» дабіліся «сухіх» перамог у матчах экстралігі
Фота з архіва
7 кастрычніка, Мінск . «Ліда», «Нёман» і «Шахцёр» атрымалі перамогі ў матчах адзінаццатага тура рэгулярнага чэмпіянату беларускай хакейнай экстралігі сезона-25/26,
Хакеісты «Ліды» прымалі аршанскі «Лакаматыў». Гаспадары выйшлі наперад ужо на 38-й секундзе матча намаганнямі Івана Шумскага, наступную шайбу гледачы ўбачылі толькі ў канцы трэцяга перыяду — Павел Баярчук устанавіў канчатковы лік 2:0. Дзве галявыя перадачы за «рыцараў» аддаў Мікіта Рэмезаў, галкіпер Ігар Цяло адбіў 21 кідок. «Ліда» атрымала дзясятую перамогу ў 11 матчах, з 20 ачкамі каманда дзеліць лідарства ў экстралізе разам з «Юнацтвам» і «Дынама-Маладзечна».
Паралельна на поўначы краіны сышліся «Віцебск» і «Шахцёр». Па ходзе паядынку «мядзведзі» вялі з лікам 2:0, але ў заключнай трэці салігарчане змянілі ход сустрэчы і вырвалі перамогу — 3:2. Аўтарам вырашальнай шайбы ў «гарнякоў» за хвіліну да фінальнай сірэны стаў Кірыл Цулыгін. «Шахцёр» спыніў пераможны ход «Віцебска» на адзнацы чатыры гульні і падняўся на пятае месца ў турнірнай табліцы, абышоўшы якраз паўночнікаў.
Хакеістам «Нёмана» і «Брэста» асноўнага часу не хапіла: за тры перыяды каманды так і не змаглі трапіць у вароты адзін аднаго, а ў авертайме вікторыю гродзенцам прынёс Вячаслаў Андрушчанка. У выніку 1:0, дзякуючы 32 сейвам варатара Міхаіла Карнавухава «Нёман» перапыніў серыю з чатырох паражэнняў. 7 кастрычніка ў чэмпіянаце Беларусі па хакеі будуць згуляны чатыры матчы.