«Тайна робіць мастацтва вялікім». Юбілей Юрыя Траяна адзначылі ў Вялікім тэатры
9 кастрычніка, Мінск . Балет Вячаслава Кузняцова «Анастасія» прадставілі на сцэне Вялікага тэатра ў рамках праекта «Жыццё ў прафесіі»,
На гэты раз праект прымеркаваны да юбілею народнага артыста Беларусі, выдатнага балетмайстра, педагога, пастаноўшчыка і харэографа Юрыя Траяна. Шостага кастрычніка яму споўнілася 75. З імем Юрыя Траяна звязана цэлая эпоха ў гісторыі сучаснага балетнага мастацтва Беларусі. Ён прайшоў творчы шлях ад артыста балета да мастацкага кіраўніка балетнай трупы Вялікага тэатра Беларусі. На працягу 20 гадоў быў вядучым салістам балета тэатра, далей займаў пасаду намесніка дырэктара Вялікага тэатра, быў галоўным балетмайстрам. У 2022 годзе Юрый Антонавіч пасля 53 гадоў служэння тэатру пайшоў на заслужаны адпачынак, а сёння сустрэўся ў тэатры са сваімі паклоннікамі.
У адным са сваіх інтэрв’ю Юрый Траян адзначаў, што пайшоў у балет, таму што бачыў у ім таямніцу і хацеў яе разгадаць. Сёння ён прызнаўся, што разгадаць яе так і не ўдалося. «Мастацтва — гэта вялікая сіла, якая перш за ўсё ачышчае душу. Таямніца ў мастацтве заўсёды існуе. Гэта тое, што робіць мастацтва вялікім. І не абавязкова гэту таямніцу раскрываць, галоўнае да яе далучыцца. Я ў сваім жыцці разгадаў шмат таямніц, але не гэту. Спадзяюся, што да яе разгадкі нас наблізіць новае пакаленне артысаў», — падкрэсліў народны артыст Беларусі.
На думку Юрыя Траяна, усе ведаюць спектаклі і ролі, у якіх ён вызначыўся, але яму хацелася б напоўніць сваю спадчыну вялікай колькасцю вучняў. «Я адчуваю, што мне ёсць што сказаць і чаму іх навучыць, таму вельмі стараюся цяпер гэта рабіць. Часам атрымліваецца. І тое, што не змаглі зрабіць старыя пакаленні, трэба будзе рабіць ім у будучым», — дадаў ён.
«Спектакль «Анастасія» пастаўлены ў 2018 годзе. Натхнёны ён творамі заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, пісьменніка і драматурга Анатоля Дзялендзіка. «Неяк ён падарыў маленькую кнігу, дзе былі апублікаваны два сцэнарыі тэлевізійных фільмаў пра Настассю Слуцкую і Міхаіла Глінскага. Аказваецца, гэтыя знакамітыя прозвішчы існавалі ў адзін час і геаграфічна ў адных месцах. Напэўна, яны былі знаёмы. Лёсы ў іх былі вельмі складаныя. Я прачытаў гэтыя сцэнарыі і вырашыў, чаму б іх не аб’яднаць. У тэатры патрэбна інтрыга, каханне, эмоцыі. Проста так вось гістарычную даведку не паставіць. А тут усё ёсць», — расказаў Юрый Траян.
Паводле яго слоў, хоць спектакль ідзе даволі часта, цікавасць публікі не змяншаецца. Як толькі ён перастае ісці, спектакль памірае. Таму Юрый Траян спадзяецца, што спектакль і далей будзе збіраць поўныя залы.