Фестываль «Глушанскі хутарок» збярэ майстроў і гледачоў у Бабруйскім раёне
Фота mogilev-region.gov.by
9 кастрычніка, Магілёў . Рэгіянальны фестываль народнай творчасці і рамёстваў «Глушанскі хутарок» пройдзе 11 кастрычніка ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна. Аб гэтым расказала дырэктар ДУК «Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Бабруйскага раёна» Марыя Лаўрыновіч.
Мерапрыемства пройдзе ў Цэнтры рамёстваў пасёлка Глуша ў 11.00. Як адзначыла Марыя Лаўрыновіч, фестываль ужо 17-ы раз стане пляцоўкай для абмену вопытам, дэманстрацыі народных традыцый і свята беларускай культуры.
«Сюды з’язджаюцца майстры народнай творчасці, рамеснікі, вакальныя калектывы з усёй Магілёўскай вобласці», — падкрэсліла яна.
На фестывалі пройдуць конкурсы «Вяртанне да вытокаў» — тэатралізаваная прэзентацыя абрадаў, «Хутарскія забавы» — гульнявыя праграмы клубных фарміраванняў, «Гаспадыня Глушанскага хутарка — 2025», пленэр па кераміцы і ганчарстве, выстаўка нацыянальнай кухні «Пiкнiк па-беларуску» і інш.
На фестывалі таксама пройдзе канцэртная праграма з удзелам творчых калектываў устаноў культуры раёна і гасцей фестывалю, выстаўка-кірмаш сельскагаспадарчай прадукцыі, гандлёвыя рады майстроў, іншыя забаўляльныя мерапрыемствы. Гледачы змогуць назіраць за стварэннем вырабаў з гліны, удзельнічаць у майстар-класах і дэгуставаць стравы па старадаўніх рэцэптах.
«Цікавасць да фестывалю расце з кожным годам — яго наведваюць не толькі мясцовыя жыхары, але і госці з Бабруйска, Глуска, Кіраўска і іншых населеных пунктаў», — расказала Марыя Лаўрыновіч.
Завершыцца «Глушанскі хутарок — 2025» цырымоніяй узнагароджання пераможцаў конкурсаў.