Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы адзначае 80 гадоў з дня адкрыцця
20 верасня, Мінск . Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы адзначае 80 гадоў з дня адкрыцця.
Музей быў заснаваны 25 мая 1944 года пры Акадэміі навук БССР і да 1962 года ўваходзіў у яе сістэму. Для наведвальнікаў ён адчыніў свае дзверы 20 верасня 1945 года. Першапачаткова музей размяшчаўся на трэцім паверсе Дома прафсаюзаў па адрасе пл. Свабоды, 23. Стваральнікам і першым дырэктарам музея была жонка паэта Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, заслужаны дзеяч культуры БССР.
Першая экспазіцыя музея расказвала пра жыццё і творчасць Янкі Купалы, знаёміла наведвальнікаў са спадчынай паэта. Навукова-даследчая дзейнасць музея з 1945 года была накіравана на набыццё матэрыялаў і прадметаў, якія маюць музейную каштоўнасць, з мэтай стварэння пастаяннай музейнай калекцыі, фарміравання экспазіцый і выстаў, складання бібліяграфічных даведнікаў і правядзення даследаванняў, звязаных з жыццём і творчасцю класіка беларускай літаратуры.
Калектыў музея стараўся ў самыя кароткія тэрміны дасягнуць сваёй галоўнай мэты — стварыць пастаянную экспазіцыю. Але ўсё ўскладнялася тым, што ў першыя дні вайны (у чэрвені 1941 года) згарэў дом Янкі Купалы, а разам з ім і багаты архіў і бібліятэка паэта. У час вайны быў знішчаны і архіў Янкі Купалы, які ён у даваенныя гады перадаў Беларускай дзяржаўнай бібліятэцы (цяпер — Нацыянальная бібліятэка Беларусі).
Летам 1949 года Савет Міністраў БССР прыняў пастанову аб пераводзе музея Янкі Купалы ў асобны будынак, размешчаны па адрасе вул. Энгельса, 27. У маі 1951 года там была створана першая стацыянарная музейная экспазіцыя, у якой былі прадстаўлены нешматлікія матэрыялы, сабраныя ў час Вялікай Айчыннай вайны і ў першыя пасляваенныя гады. Яны дазволілі адлюстраваць у творчасці Янкі Купалы толькі дзве асноўныя тэмы: «Янка Купала — паэт і драматург» і «Янка Купала ў выяўленчым мастацтве».
Толькі ў 1956 годзе будаўніцтва музея было ўключана ў генеральны план забудовы Мінска. 9 кастрычніка 1959 года Літаратурны музей Янкі Купалы пераехаў у спецыяльна пабудаваны будынак на вуліцы Янкі Купалы. Менавіта там і была створана вялікая экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці паэта. У 1962 годзе музей Янкі Купалы перайшоў у веданне Міністэрства культуры БССР.
У 1973 годзе музей пачаў работу над новым выставачным праектам, адметнай асаблівасцю якога стала тое, што ў экспазіцыі акрамя літаратурнай часткі была прадстаўлена і мемарыяльная: фрагмент пецярбургскай кватэры Янкі Купалы, гасціная і кабінет у доме паэта ў Мінску, куток маскоўскай кватэры мастака Канстанціна Елісеева, дзе часта спыняўся Янка Купала, і інш.
На стварэнне новай экспазіцыі спатрэбілася два гады. 5 мая 1976 года яна была ўрачыста адкрыта для наведвальнікаў. У 1990-я гады было праведзена абнаўленне экспазіцыі, якая адлюстроўвала жыццё і дзейнасць Янкі Купалы ў 1920-1930-я гады. У 2007 годзе да 125-годдзя з дня нараджэння паэта былі адрэстаўрыраваны залы, прысвечаныя тэмам «Жыццё і дзейнасць Янкі Купалы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Тайна яго смерці» і «Пецярбургскі перыяд у жыцці паэта».
На працягу ўсяго перыяду існавання музея вялася карпатлівая работа па фарміраванні калекцый. Тут захоўваюцца рукапісы і дакументы Янкі Купалы, асабістыя рэчы і фатаграфіі, некалькі рэдкіх фотаздымкаў паэта з надпісамі, сабраны вялікі кніжны фонд. Найбольш значныя экспанаты: аўтографы Янкі Купалы, рукапісы і перапіска сваякоў і сучаснікаў паэта; дакументальныя матэрыялы да біяграфіі паэта, якія ўключаюць асабістыя дакументы, пасведчанні, даведкі, граматы, узнагародныя лісты, пашпарт і дэпутацкі білет. Асобную калекцыю складаюць прыжыццёвыя выданні Купалы — зборнікі «Жалейка» (1908), «Гусляр» (1910), «Шляхам жыцця» (1913), «Спадчына» (1922), «Безназоўнае» (1925), «Ад сэрца» (1940), асобныя выданні 1908-1919 гадоў і перыяду Вялікай Айчыннай вайны, а таксама кнігі з публікацыямі твораў пра паэта, манаграфіі, эсэ, беларускія календары 1910-1935 гадоў, буклеты, анталогіі, навуковыя выданні.
У фондах музея сабрана багатая калекцыя твораў выяўленчага і дэкаратыўнага мастацтва. Кінаархіў музея ўключае запісы голасу Янкі Купалы (арыгінал), дакументальныя кадры, прысвечаныя юбілеям паэта, запісы ўспамінаў родных Янкі Купалы, унікальнасць якіх у тым, што яны зроблены ў музеі і не маюць аналагаў у іншых фонаархівах. Ёсць багатая калекцыя «Музычнай Купаліяны». На словы Янкі Купалы напісана больш за 200 музычных твораў.
Многія дзесяцігоддзі ўстанова з’яўляецца вядучым літаратурным музеем рэспублікі, мае багатыя традыцыі ў правядзенні культурна-адукацыйнай дзейнасці: аглядных і тэматычных экскурсій, лекцый, вечароў і інтэрактыўных праектаў для розных катэгорый наведвальнікаў.
Музей мае чатыры філіялы: «Акопы» ў Лагойскім, «Вязынка» і «Яхімоўшчына» ў Маладзечанскім, «Ляўкі» ў Аршанскім раёнах. Імем Янкі Купалы названы Інстытут літаратуразнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны акадэмічны тэатр у Мінску, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, бібліятэкі, школы, вуліцы ў многіх гарадах і населеных пунктах Беларусі.