Экспазіцыі, пагадненні і святы: як БелГПП папулярызуе айчынную прадукцыю на знешніх рынках
11 сакавіка, Мінск . Начальнік дэпартамента міжнароднага супрацоўніцтва і выставачнай дзейнасці Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Аляксандр Галавароў расказаў у прэс-цэнтры аб тым, як БелГПП папулярызуе айчынную прадукцыю на знешніх рынках.
У мінулым годзе БелГПП актыўна працавала па арганізацыі дзелавых візітаў, прыёмаў замежных дэлегацый, дыпламатаў, у рамках якіх абавязковым элементам з’яўляецца правядзенне бізнес-форумаў, В2В-перагавораў, прэзентацый. «Наша галоўная мэта — аказанне садзейнічання бізнесу ва ўстанаўленні кантактаў і пошуку патэнцыяльных замежных партнёраў», — расказаў Аляксандр Галавароў.
Беларуская гандлёва-прамысловая палата паслядоўна праводзіла і прадаўжае праводзіць работу па актывізацыі супрацоўніцтва з партнёрамі, нарошчванні і геаграфічнай дыверсіфікацыі экспарту. Па сістэме БелГПП у 2023 годзе праведзена 543 мерапрыемствы знешнеэканамічнага характару. «Геаграфія вельмі шырокая — мы ўзаемадзейнічалі з партнёрамі з 55 краін, уключаючы 31 краіну далёкай дугі. Таксама мы актыўна працавалі з 59 рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. За гэты перыяд арганізавалі 84 дзелавыя візіты ў 19 краін свету, — сказаў начальнік дэпартамента. — У 2023 годзе ўсяго арганізавана 28 выставак і экспазіцый у 15 краінах, у тым ліку 3 нацыянальныя экспазіцыі».
Важным напрамкам супрацоўніцтва БелГПП з’яўляецца развіццё дагаворна-прававой базы. «Гэта адзін з нашых апорных пунктаў. У нас падпісана 287 розных дакументаў з партнёрамі. Калі сюды дадаць яшчэ і дакументы, якія рыхтавалі нашы ўнітарныя прадпрыемствы, то гэта будзе больш за 400. Толькі за мінулы год па сістэме палаты мы падпісалі 31 дакумент. Упершыню ў рамках візіту ў Экватарыяльную Гвінею мы падпісалі пагадненне з нашымі партнёрамі з дзвюх палат. Вельмі актыўна ўзаемадзейнічаем з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі, Кітаем. Цяпер прапрацоўваем падпісанне шэрага дакументаў з партнёрамі афрыканскага кантынента — Гана, Камерун, Кот-Д’івуар, Мазамбік, Танзанія», — растлумачыў Аляксандр Галавароў.
Акрамя таго, для развіцця знешнеэканамічнага супрацоўніцтва БелГПП актыўна выкарыстоўвае магчымасці інстытута прадстаўнікоў. Гэта, як правіла, аўтарытэтныя бізнесмены, вядомыя людзі ў той ці іншай краіне. Сёння ў палаты 43 прадстаўнікі ў 34 краінах, у тым ліку ў Лацінскай Амерыцы, Азіі, Блізкім Усходзе.
Адным з напрамкаў міжнароднага супрацоўніцтва з’яўляецца работа дзелавых саветаў, у час якіх разглядаюцца праблемы двухбаковага супрацоўніцтва. З удзелам Беларускай гандлёва-прамысловай палаты ўтворана 24 дзелавыя саветы з партнёрамі з 23 краін.
БелГПП штогод удзельнічае ў мерапрыемствах у рамках свята «Александрыя збірае сяброў», якое карыстаецца вялікай папулярнасцю. «У 2023 годзе там былі прадстаўнікі з 23 дыпмісій, з іх было 15 кіраўнікоў замежных дыппрадстаўніцтваў. У бягучым годзе мы пачынаем ужо напаўненне адпаведнага візіту і разам з Міністэрствам замежных спраў будзем рыхтаваць удзел замежных дыпламатаў у гэтым свяце», — адзначыў прадстаўнік БелГПП.
Штогод у ліпені палата праводзіць вучэбныя заняткі. «У бягучым годзе акрамя таго, што мы будзем праводзіць сустрэчу з беларускім бізнесам, таксама пройдзе цырымонія ўзнагароджвання конкурсу «Лепшы экспарцёр 2023 года». У рамках гэтага конкурсу выяўляюцца і заахвочваюцца прадпрыемствы і прадпрымальнікі, якія займаюцца вытворчасцю тавараў, работ і паслуг, дасягнуўшых значных поспехаў у экспарце. Цырымонію мы ўжо запланавалі і будзем праводзіць у рамках гэтай штогадовай вучобы — гэта, як правіла, першая дэкада ліпеня», — падзяліўся планамі Аляксандр Галавароў.
Таксама БелГПП штогод праводзіць Дзень гандлёвага саветніка. У рамках мерапрыемства замежныя дыпламаты наведваюць беларускія прадпрыемствы, культурныя аб’екты і праводзяць В2В-перагаворы з беларускімі прадпрыемствамі. Потым прымаюцца рашэнні па арганізацыі дзелавых візітаў і іншых мерапрыемстваў.
Сваю работу БелГПП выбудоўвае ў цесным узаемадзеянні з Міністэрствам замежных спраў. У лютым гэтага года быў падпісаны план сумесных дзеянняў БелГПП і МЗС на знешнеэканамічным напрамку ў 2024 годзе. У гэты план уключана больш за 40 мерапрыемстваў знешнеэканамічнага напрамку з шырокай геаграфіяй — гэта 46 краін. «Мы бяром на сябе абавязацельствы ўдзельнічаць і суправаджаць візіты на высокім і вышэйшым узроўні, забяспечваць прыём замежных дэлегацый, правядзенне дзелавых мерапрыемстваў у рамках выставачна-кірмашовых мерапрыемстваў за мяжой», — сказаў на заканчэнне начальнік дэпартамента.