Ёсць нават кінакадры прыезду Мікалая II у Бабруйск. Якія тайны захоўвае архіў у Дзяржынску

Навіны сюжэта
«Праект «Беларусы ў кадры» на YouTube-канале БЕЛТА»
«Акцёры каталі алімпійскую дыстанцыю па 20 разоў на дзень». Якую прэм’еру лістапада нельга прапусціць, расказаў рэжысёр
У нас у генах любоў да прыроды. Гісторыя беларусаў, якія пераехалі ў самую лясную вёску краіны
Будынак дзяржаўнага архіва з’явіўся ў Дзяржынску амаль 40 гадоў таму і адразу заінтрыгаваў гараджан адсутнасцю вокнаў на верхніх паверхах: «Муку, ці што, збіраюцца захоўваць?» А настаўнік Аляксандр Цюхай ужо ведаў: там будзе архіў. Але не здагадваўся, што прыйдзе сюды на работу праз некалькі гадоў і ўзначаліць сапраўдную рэвалюцыю ў архіваванні: кінафотафонадакументы пачнуць пераводзіць у лічбу.
Самы малады з архіваў
Той факт, што Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў (БДАКФФД) з’явіўся ў Дзяржынску, лёгка тлумачыцца: па савецкай практыцы забеспячэння бяспекі захоўвання кінафотафонадакументаў такія аб’екты размяшчалі далей ад вялікіх гарадоў.
— Расійскі, напрыклад, знаходзіцца ў Краснагорску, што за 30 км ад Масквы. Наш будынак архіва пабудаваны ў Дзяржынску па праекце Ленінградскага архітэктурнага бюро, — тлумачыць дырэктар БДАКФФД Андрэй Ганчар і раскрывае тайну верхніх паверхаў без вокнаў: захоўванне кінафотафонадакументаў патрабуе асаблівай тэмпературы і вільготнасці.
БДАКФФД уваходзіць у сістэму Міністэрства юстыцыі нараўне з іншымі архівамі. Тут захоўваюцца самыя розныя аўдыявізуальныя артэфакты: кіна-фота-фона.
— Гэта дакументы Архіўнага фонду Беларусі, прытым на розных носьбітах, — гаворыць Андрэй Мікалаевіч. — Самыя старыя з артэфактаў — фатаграфіі. У фондах архіва іх каля 300 тыс.
Дарогі, якія мы выбіраем
Новы імпульс архіўная справа атрымала з прыходам у свет IT-тэхналогій, калі кіно перайшло ў лічбавы фармат. Тады перад БДАКФФД паўстала задача алічбоўкі ўсіх аўдыя- і відэадакументаў, каб павялічыць іх захаванасць, даступнасць і магчымасць тыражавання. Ля вытокаў рэнавацыі быў загадчык аддзела алічбоўвання Аляксандр Цюхай.
— Па першай адукацыі я — настаўнік музыкі, па другой — настаўнік гісторыі. Абодва дыпломы атрымаў у Дзяржаўным педагагічным інстытуце імя М.Горкага. І педагогам стаў невыпадкова: мама Ніна Макараўна таксама была настаўнікам. Яна ўбачыла ў мяне схільнасць да настаўніцтва, таму, калі пасля восьмага класа сабраўся паступіць у радыётэхнічны тэхнікум, параіла: «Не спяшайся, скончы спачатку школу!» У выніку я паступіў у педінстытут, пасля заканчэння якога працаваў у педвучылішчы, а потым у школе, — прыгадвае Аляксандр Сцяпанавіч.

Ён прызнаецца, што і далей прадаўжаў бы вучыць маладое пакаленне гісторыі і музыцы, калі б яму не выпаў шанц унесці свой уклад у захоўванне аўдыявідэадакументаў, у якіх увекавечана мінулае краіны і беларускага народа.
— Наша жыццё — гэта гісторыя. Я ўпэўнены: каб любіць сваю радзіму, трэба ведаць яе гісторыю ў развіцці. Наш архіў захоўвае яе ў кадрах і фотафонадакументах. На беларускім радыё, тэлебачанні, рэжысёрамі часта выкарыстоўваецца кінахроніка, фотадакументы, музычныя і літаратурныя творы з фондаў архіва, — гаворыць Аляксандр Цюхай і запрашае зайсці ў свой кабінет.
Прывітанне, 60-я!
У цэнтры кабінета — незвычайны агрэгат у выглядзе кінаапарата з дзвюма бабінамі плёнкі. Падобныя калісьці былі ў кожным кінатэатры і ў вясковым клубе, дзе па вечарах паказвалі фільмы. Але ў адрозненне ад стандартнага варыянта наша канструкцыя выглядае значна складаней: у адной звязцы задзейнічана шмат розных вузлоў, пультаў, відэакамера, манітор.
— Гэта кінаўстаноўка па перагонцы кіно ў відэа, — тлумачыць Аляксандр Цюхай і, уключаючы яе, удакладняе: — Так, не экспанат, а самая сапраўдная дзеючая тэхніка. Яна да гэтага часу ў рабочым стане: пераканайцеся самі!

Аляксандр Сцяпанавіч круціць ручку кінапраектара. Раздаецца лёгкае гудзенне — і на маніторы, падключаным да сістэмы перагону стужкі ў лічбу, з’яўляецца кіначасопіс «Савецкая Беларусь», які пераносіць у 1960-я гады. Такія стужкі паказвалі ў кінатэатрах перад праглядам мастацкіх фільмаў. «З канвеера Беларускага аўтамабільнага завода сышлі першыя 20-тонныя самазвалы. Прадпрыемства будзе выпускаць пяць відаў аўтамабіляў!» — бадзёра вяшчае дыктар, адводзячы кожнай навіне не больш за хвіліну.
— Такія дакументальныя фільмы дакладна і кампактна адлюстроўвалі час, — адзначае Аляксандр Цюхай.
Ён расказвае, як нараджалася цуда-машына для перагонкі кіно ў відэа:
— Усе дэталі шукаў сам. Вядома, не без дапамогі добрых людзей — тэлевізійшчыкаў, работнікаў са сферы продажаў, выкладчыкаў політэхнічнага інстытута і нават работнікаў МАЗа. Купілі відэакамеру. Першыя заказы і падарунак ад замежных заказчыкаў — відэамагнітафон. Кінаўстаноўку па алічбоўцы кінакадраў збіраў ужо сам. Можа, яна выглядае не зусім прэзентабельна, але галоўнае, што на ёй ствараецца якасны прадукт!
З часам дзякуючы з’яўленню тэхналогій перагонкі кіно з аналагавага фармату ў лічбавы з’явіўся цэлы аддзел алічбоўвання. Сёння БДАКФФД ужо мае ў сваім распараджэнні самую сучасную апаратуру па алічбоўцы кінаплёнак, фота- і фонадакументаў. Інфармацыя дубліруецца на дысках, LTO-картрыджах (стужачная бібліятэка) і вымяраецца ў дзясятках тэрабайтаў. Але цуда-апарат нашага беларускага Кулібіна да гэтага часу здзіўляе сваімі магчымасцямі.
Падарыце сямейны альбом
Многія дакументальныя фота, пласцінкі і кінакадры перадаюць у БДАКФФД звычайныя людзі. Аднойчы добрай якасці кінастужку з кадрамі канцлагера Асвенцім прынесла адна з вязніц, каб зрабіць копію кінадакумента на відэаносьбіце (яна захоўвала копію кінадакумента ў сябе дома). А нядаўна архіў папоўніўся ўнікальным сямейным альбомам легендарнага лётчыка пачатку ХХ стагоддзя беларуса Мікалая Кучэўскага. Цяпер па гэтых фота можна адсачыць зараджэнне авіяцыі ў нашай краіне.
У дзень нашага прыезду работнікі аддзела алічбоўвання зрабілі Аляксандру Сцяпанавічу сюрпрыз. Яны знайшлі запіс літаратурнай перадачы «Вобраз беларускага сучасніка» з фондаў нашага радыё, аўтар тэксту якой і выканаўца — дзядзька Аляксандра Цюхая. Павел Дзюбайла — беларускі літаратуразнавец, доктар філалагічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.
Кабінет запаўняе прыемны мужчынскі голас: «Літаратура пільна ўглядаецца ў нашага сучасніка, і яна ўлавіла перамены, якія адбываюцца ў ім»… Аляксандр Сцяпанавіч прыслухоўваецца, і твар яго праясняецца:
— Гэта ж мой дзядзька Павел! Колькі часу ўжо мінула… Так, усё ж такі лічба не можа перадаць усю паўнату абертонаў, якія закладзены ў аналагу, — прызнае ён і запрашае нас у кабінет, дзе ідзе алічбоўка грампласцінак.
За пультам Павел Юран — нядаўні выпускнік факультэта радыёфізікі камп’ютарных тэхналогій БДУ.
— За 15 дзён алічбаваў ужо 200 пласцінак. У асноўным гэта беларускія песні, але ёсць і замежныя, — гаворыць ён.
Павел уключае гук, і раздаецца танцавальная музыка 1930-х гадоў. Гэта «Архідэі ў месячным святле» ў выкананні Гая Ламбарда і яго аркестра.
— Лічба — гэта даступнасць, хуткасць атрымання інфармацыі, але аналаг гучыць больш натуральна, — каменціруе розніцу паміж пласцінкай і яе алічбаванай копіяй Аляксандр Цюхай і раіць вучню: — Пакінь крыху пласціначнага патрэсквання. Інакш гук будзе залішне ідэальны, і мы не пачуем, што гэта — пласцінка. Яна ж жывая…
Кіно вярнула ў маладосць
Адборам матэрыялаў у архіве займаецца экспертная камісія, якая правярае і аналізуе паступаючыя дакументы.
— Які матэрыял у будучым будзе важным, сёння вызначыць вельмі складана. Напрыклад, раней часцей вывучалі ваенныя кадры, а цяпер — побыт. На наступны год каціравацца могуць ужо зусім іншыя тэмы. Можа адбыцца так, што спатрэбіцца зняць з паліцы той матэрыял, які наогул ніколі ніхто не браў! — гаворыць Аляксандр Цюхай.
У БДАКФФД наведваецца шмат даследчыкаў, зацікаўленых у той ці іншай дакументальнай інфармацыі. У дзень нашага прыезду, напрыклад, шукалі гістарычныя кадры і фота прадстаўнікі прадпрыемства хімічнай галіны. Шмат дзіўнага знаходзяць у кінафотадакументах і звычайныя людзі.
— Аднойчы жанчына, праглядаючы кадры хронікі ваенных гадоў, заплакала і расказала сваю гісторыю. Яна вучылася ў школе стралкоў, калі да іх прыехаў малады аператар здымаць падрыхтоўку будучых байцоў. Адна дзяўчына спадабалася яму больш, таму ён здымаў яе часцей за іншых. Той дзяўчынай і была наша госця. Ёй кінааператар таксама спадабаўся, але яны больш ніколі не ўбачыліся. Кіно вярнула жанчыну ў маладосць, — расказвае работнік архіва.
Аляксандр Цюхай прапануе: каго цікавіць мінулае ў кадры, гуку і фота, прыязджайце ў БДАКФФД. Тут вас, як на машыне часу, адправяць у падзеі мінулых гадоў. Куды? Куды пажадаеце.
*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.
Тамара МАРКІНА,
Фота Таццяна МАТУСЕВІЧ,
газета «7 дней».


