Лічбавая эканоміка і інавацыйнае супрацоўніцтва. Пасяджэнне Эканамічнага савета СНД прайшло ў Душанбэ
Фота з архіва
5 верасня, Мінск . 107-е пасяджэнне Эканамічнага савета СНД прайшло 5 верасня ў горадзе Душанбэ (Таджыкістан). Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Выканаўчага камітэта СНД.
Разгледжана шырокае кола пытанняў эканамічнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД. Пасяджэнне адкрыў і вёў старшыня Эканамічнага савета Садружнасці Незалежных Дзяржаў, першы намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Таджыкістан Хакім Халікзада. На парадку дня пасяджэння было 27 пытанняў, у далейшым 17 дакументаў будуць прадстаўлены Савету кіраўнікоў урадаў, пасяджэнне якога адбудзецца 29 верасня ў Мінску.
Члены Эканамічнага савета разгледзелі інфармацыю аб перашкодах ва ўзаемным гандлі дзяржаў — удзельніц СНД і рэкамендацыях па іх устараненні, сфарміраваную на аснове атрыманых ад дзяржаў Садружнасці даных аб прымяняльных спецыяльных ахоўных, антыдэмпінгавых і кампенсацыйных мерах, аб часовых забаронах, таварах, якія ліцэнзуюцца і кватуюцца, аб прымяненні іншымі бакамі абмежаванняў, што парушаюць або тармозяць развіццё ўзаемнага гандлю, а таксама вынікаў праведзеных пасяджэнняў рабочай групы высокага ўзроўню для правядзення аналізу паступаючых прэтэнзій аб перашкодах ва ўзаемным гандлі дзяржаў — удзельніц СНД.
Рабочая група высокага ўзроўню створана ў адпаведнасці з рашэннем Эканамічнага савета СНД ад 2 снежня 2022 года. Асноўнай мэтай яе дзейнасці з’яўляецца забеспячэнне функцыянавання ўнутранага рынку Садружнасці без бар’ераў з мінімальнай колькасцю абмежаванняў і выключэнняў. Праведзена ўжо 10 пасяджэнняў рабочай групы, на якіх разгледжаны 42 прэтэнзіі, з іх па 37 прыняты рашэнні і вызначаны далейшыя дзеянні. Некаторыя пытанні былі абмеркаваны на пасяджэнні Эканамічнага савета СНД.
У час пасяджэння першы намеснік міністра транспарту Таджыкістана Фарух Нематзада прадставіў прысутным Праект стратэгіі лічбавізацыі асноўных мультымадальных транспартных калідораў дзяржаў — удзельніц СНД, падрыхтаваны ў рамках рэалізацыі мэт Канцэпцыі старшынства ў СНД. Дакумент накіраваны на павышэнне эфектыўнасці лагістыкі, зніжэнне затрат і развіццё гандлёва-эканамічных сувязей паміж дзяржавамі Садружнасці.
Членамі Эканамічнага савета адобраны праекты Стратэгіі супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД у развіцці інфармацыйнага грамадства і лічбавай эканомікі на перыяд да 2035 года і Плана дзеянняў па яе рэалізацыі. Стратэгію прадставіў генеральны дырэктар Выканаўчага камітэта Рэгіянальнай садружнасці ў галіне сувязі Аляксей Барадзін. Дакумент уяўляе сабой сукупнасць узгодненых падыходаў дзяржаў — удзельніц СНД па пытаннях фарміравання інфармацыйнага грамадства і лічбавай эканомікі і вызначае мэты, задачы і асноўныя напрамкі супрацоўніцтва дзяржаў у гэтай галіне.
Таксама на пасяджэнні адобраны Праект плана мерапрыемстваў па рэалізацыі другога этапу (2026-2030 гады) Стратэгіі эканамічнага развіцця Садружнасці Незалежных Дзяржаў на перыяд да 2030 года, які з’яўляецца базавым дакументам у сферы эканамічнага ўзаемадзеяння краін СНД. Ён захоўвае пераемнасць з планам мерапрыемстваў па рэалізацыі першага этапу (2021-2025 гады) па рэалізацыі названай стратэгіі і накіраваны на развіццё эканомікі і міждзяржаўнага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, распрацоўку новых кааперацыйных і інфраструктурных праектаў, развіццё лічбавізацыі эканомікі, рэалізацыю навукова-тэхнічнага патэнцыялу, развіццё энергетыкі, у тым ліку атамнай, а таксама стварэнне высокатэхналагічных транспартных сістэм, развіццё супрацоўніцтва ў галіне аграпрамысловага комплексу, у валютна-фінансавай, сацыяльна-эканамічнай сферах, у галіне адукацыі і інш.
Рашэннем Эканамічнага савета адобраны праект Сратэгіі навукова-тэхналагічнага развіцця Садружнасці Незалежных Дзяржаў на 2026-2035 гады. Стратэгія вызначае мэты, асноўныя задачы, прынцыпы і прыярытэты супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД у сферы навукова-тэхналагічнага развіцця, устанаўлівае формы, механізмы і чаканыя вынікі яе рэалізацыі ў мэтах умацавання навукова-тэхналагічнага суверэнітэту.
Акрамя таго, членамі Эканамічнага савета адобраны праект Плана мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні ў 2026 годзе ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў Года аховы здароўя, асноўнымі мэтамі якога з’яўляюцца сумесныя меры, накіраваныя на захаванне здароўя грамадзян, абмен лепшымі практыкамі і навуковымі распрацоўкамі, развіццё міжнароднага супрацоўніцтва як паміж краінамі СНД, так і з Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя.
Вялікая ўвага была ўдзелена пытанням, звязаным з рэалізацыяй Міждзяржаўнай праграмы інавацыйнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД на перыяд да 2030 года і Комплекснага плана мерапрыемстваў на 2021-2025 гады па яе рэалізацыі. Адзначана, што ў дзяржавах — удзельніцах праграмы прадаўжаецца работа па фарміраванні інавацыйнай інфраструктуры, з’яўляюцца яе новыя элементы. Так, пашыраецца сетка цэнтраў камерцыялізацыі інавацый, ствараюцца цэнтры трансферу ведаў у сферы распрацоўкі праграмнага забеспячэння, а таксама цэнтры падтрымкі тэхналогій і інавацый, развіваюцца тэхналагічныя платформы, сетка бізнес-інкубатараў, накіраваных на падтрымку інавацыйнага прадпрымальніцтва і стварэнне стартапаў.
У прыватнасці, на пасяджэнні былі разгледжаны праекты Палажэння аб цэнтрах кампетэнцый у рамках праграмы, якое прадугледжвае падтрымку пошукавых даследаванняў з дапамогай спецыяльных грантавых праграм, кансультацыйнага суправаджэння, арганізацыі тэхналагічнай і фінансава-эканамічнай экспертызы, інвентарызацыі завершаных навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ па прыярытэтных напрамках навукова-тэхнічнага, тэхналагічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва і інш.; Палажэння аб цэнтрах субкантрактацыі ў рамках праграмы (прыняцце палажэння дасць магчымасць стварыць у рамках СНД умовы для інтэграцыі малых і сярэдніх прамысловых прадпрыемстваў дзяржаў — удзельніц праграмы ў глабальную эканамічную сістэму, будзе садзейнічаць рэалізацыі сумесных перспектыўных інавацыйных праектаў, развіваць аўтсорсінг сэрвіснага абслугоўвання прамысловай прадукцыі); Палажэння аб цэнтрах перадавога вопыту ў рамках праграмы, накіраванага на развіццё міждзяржаўнага інавацыйнага супрацоўніцтва, у тым ліку шляхам выкарыстання вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак у прарыўных галінах ведаў, стварэння і вываду на рынак глабальна прагрэсіўных прадуктаў і тэхналогій, прымянення найлепшых практык у пэўнай галіне.
На пасяджэнні разгледжана Справаздача аб дзейнасці Міждзяржаўнага савета па пытаннях прававой аховы і абароны інтэлектуальнай уласнасці ў 2021-2024 гадах. Аналіз паказвае, што пастаўленыя перад саветам задачы паспяхова выконваюцца, ён уносіць значны ўклад ва ўмацаванне ўзаемадзеяння дзяржаў — удзельніц СНД у сферы інтэлектуальнай уласнасці.
Рашэннем Эканамічнага савета адобрана дзейнасць Міжурадавага савета па разведцы, выкарыстанні і ахове нетраў у 2021-2024 гадах. Савету даручана засяродзіць намаганні на выкананні мерапрыемстваў Перспектыўнага плана сумесных работ па разведцы, выкарыстанні і ахове нетраў дзяржаў — удзельніц СНД на 2023-2030 гады, прадоўжыць узаемадзеянне па развіцці новых напрамкаў, звязаных з лічбавізацыяй геалагічнай галіны, вывучэннем, выкарыстаннем, аховай і маніторынгам падземных вод, супрацоўніцтвам дзяржаў — удзельніц СНД у сферы стварэння геапаркаў, пытаннямі кадравага забеспячэння для геалагічнай галіны дзяржаў — удзельніц СНД.
Рашэннем Эканамічнага савета СНД нададзены статус базавых арганізацый дзяржаў — удзельніц СНД: у галіне дарослай траўматалогіі і артапедыі — федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай установе «Нацыянальны медыцынскі даследчы цэнтр траўматалогіі і артапедыі імя М.М.Прыёрава» Міністэрства аховы здароўя Расійскай Федэрацыі (г. Масква); у галіне дзіцячай траўматалогіі і артапедыі – федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай установе «Нацыянальны медыцынскі даследчы цэнтр дзіцячай траўматалогіі і артапедыі імя Г.І.Турнера» Міністэрства аховы здароўя Расійскай Федэрацыі (г. Санкт-Пецярбург).
Акрамя таго, на пасяджэнні быў разгледжаны значны блок фінансавых пытанняў, у тым ліку праект адзінага бюджэту органаў СНД на 2026 год, пытанні павышэння якасці жыцця ветэранаў войнаў — удзельнікаў лакальных канфліктаў і членаў іх сем’яў у дзяржавах — удзельніцах СНД, а таксама справаздача аб дзейнасці Кансультатыўнага савета па падтрымцы і развіцці малога прадпрымальніцтва ў 2018-2024 гадах і іншыя.
Наступнае пасяджэнне Эканамічнага савета запланавана на 5 снежня 2025 года ў Маскве.
Фота Урада Беларусі, Выканаўчага камітэта СНД.