Культура

«Гродзеншчыну з вышыні птушынага палёту» можна ўбачыць на выставе ў Санкт-Пецярбургу

21 жніўня, Гродна . Выстава работ Гродзенскага фотамастака, кіраўніка народнай студыі фотамастацтва «Гродна» Аляксандра Ласмінскага прадстаўлена ў Санкт-Пецярбургу, паведамілі ў студыі фотамастацтва.

У горад на Няве прывезлі збор лепшых работ Аляксандра Ласмінскага з цыкла «Гродзеншчына з вышыні птушынага палёту», які ўвайшоў у яго аднайменны фотаальбом, што выйшаў у выдавецтве «Беларусь». Самыя першыя здымкі аўтар зрабіў больш за дзесяць гадоў таму з адкрытых дзвярэй самалёта Ан-2. Тады яшчэ не было дронаў, аўтар бачыў родную беларускую зямлю з неба ўласнымі вачамі, таму калекцыя застаецца ўнікальнай. Яе ўбачыў і запрасіў у Санкт-Пецярбург у час свайго нядаўняга падарожжа па Беларусі і сустрэчы з калектывам народнай студыі фотамастацтва «Гродна» вядомы расійскі фатограф, старшыня Саюза фотамастакоў Санкт Пецярбурга Аляксандр Дымнікаў.

На здымках — старадаўнія цэрквы ў Сынкавічах і Мураванцы, гродзенская Каложа, замкі ў Гродне і Міры, старажытная архітэктура і сучасны горад. Перад гледачом адкрываюцца шматколерная геаметрыя дагледжаных палёў, звілістыя змейкі невялікіх рэчак, камбайны каля краю нівы і золата пшаніцы напярэдадні гарачай пары. Адметнасць выставы — брэндавы здымак «Сэрца зямлі беларускай» з выявай астраўка зялёнага лесу ў форме сэрца на фоне раллі.

«Я закаханы ў гэту зямлю, — гаворыць Аляксандр Ласмінскі. — Таму папулярызую яе на выставах і ў фотаальбомах, каб як мага больш людзей з розных краін таксама палюбілі Беларусь і маю Гродзенскую зямлю, сталі назаўсёды яе сябрамі».

Выстава ў Санкт-Пецярбургу на Васільеўскім востраве будзе працаваць да 31 жніўня.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть