Халецкі пра здымкі «Класнай»: люблю даваць поўную свабоду акцёрам на пляцоўцы
3 верасня, Мінск . Рэжысёр поўнаметражнага мастацкага фільма «Класная» Кірыл Халецкі на прэс-паказе кінастужкі расказаў журналістам, як праходзілі здымкі,
«Фільм атрымаўся нават лепшым, чым мы меркавалі, таму што задумка можа быць адна, але калі ты выходзіш на пляцоўку, кіно пачынае ажываць на тваіх вачах. Я вельмі люблю даваць поўную свабоду акцёрам на пляцоўцы. У іх ёсць тэкст, але яны змянялі яго ў адпаведнасці з характарам персанажа. Цяжка было Ірыне Мароз і Віктару Рыбчынскаму, таму што ў іх былі вялікія маналогі. Але ў цэлым менавіта з-за змянення тэкстаў герояў у час здымак у фільме з’яўляецца нейкая жвавасць і натуральнасць», — сказаў Кірыл Халецкі.
Паводле яго слоў, у фільме задзейнічана шмат лакацый. Напрыклад, здымкі на самай справе праходзілі не ў адной школе, а ў шасці розных школах Мінскай вобласці і горада Мінска.
«Пасля паказу фокус-групе прысутныя ў зале рэальна пыталі, няўжо гэта беларускае кіно. Мы раўняемся на нашых расійскіх калег і сусветны кінематограф, выбіраем новыя метады і падыходы здымкі і стылісткі. А маладыя педагогі і выпускнікі педуніверсітэта адзначалі, што гэта гісторыя пра іх, і пры гэтым фільм не заштампаваны», — дадаў Кірыл Халецкі.
На думку рэжысёра, «Класная» здзівіць і музычным радам. Кампазітар Максім Пятруша напісаў каля 50 хвілін арыгінальнай музыкі, але ў кінастужцы таксама выкарыстоўваюцца гатовыя трэкі выканаўцаў. Адзін трэк для фільма напісала беларуская спявачка, а астатнія — папулярныя спевакі з Расіі. У час тэст-праглядаў людзі ўжо шукалі ў інтэрнэце музыку з фільма, што для Кірыла Халецкага вельмі важна, таму што ён сам любіць пакідаць кінатэатр з новай музыкай у сваім плэйлісце.
Рэжысёр таксама падкрэсліў, што заўсёды звяртае больш увагі на дэталі, таму ўважліва падышоў да інтэр’ера і асяроддзя персанажаў. Выбудоўваў, як жыве кожны з іх, выбіраў, якія карціны і постары будуць вісець на сценах і якія рэчы будуць стаяць у інтэрнаце і дамах нашых герояў. У кожнага з адзінаццацікласнікаў былі свае рукзак, пенал, сшыткі, кнігі, якія падыходзяць іх характару. Напрыклад, галоўны бандыт класа ходзіць без пенала і страляе ручку ў сябра.
Фільм актыўна распаўсюджваюць у сацыяльных сетках. «На платформе TikTok у нас сумарна 2,5 млн праглядаў і 250 тыс. лайкаў, гэта значыць людзі рэальна зацікаўлены ў тым, што гэта за фільм і калі ён выйдзе. Прыцягвае ўвагу і блогер Кірыл Малышаў. У Instagram у нас таксама вялікая статыстыка. Прычым цікавіцца аўдыторыя 18-24 гады, гэта значыць тая самая мэтавая аўдыторыя, для якой і створаны наш фільм», — падкрэсліў Кірыл Халецкі.
«Фільм цалкам гатовы і чакае свайго выхаду на экраны. Напярэдадні прэс-паказу я стабільна глядзеў фільм два-тры разы на дзень. Спачатку звяртаў увагу на колер, потым на гук. Акрамя таго, у ім можна ўбачыць пасхалкі на мае работы для ўважлівых гледачоў», — растлумачыў рэжысёр.
Ён таксама дадаў, што на галоўны сеанс 18 верасня ў кінатэатры «Масква» білетаў практычна не засталося. Гэта значыць, што да фільма прыкавана вялікая ўвага. У цэлым Кірыл Халецкі не пачуў ніводнага адмоўнага водгуку, але ў першую чаргу ён раўняецца на свае ўнутраныя адчуванні. Калі фільм глядзець нясумна, кожны раз ён пралятае на адным дыханні і ты заўсёды знаходзіш для сябе нешта цікавае, то задаволены сваёй работай.
«У кожную кінастужку «Беларусьфільма» ўкладваецца часцінка душы іх стваральнікаў. Беларускі кінематограф мінуў ужо рубеж сто гадоў. Надыходзіць новы век беларускага кіно. Мы вас здзівім маладзёжным і сучасным кіно», — рэзюмаваў Кірыл Халецкі.