Кансалідацыя грамадства, навукі, палітыкі: у Буйнічах праходзіць першае пасяджэнне камісіі ПС па захаванні гістарычнай памяці
7 верасня, Магілёўскі раён . Першае пасяджэнне камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па захаванні і абароне гістарычнай памяці праходзіць у Музеі Славы Магілёўшчыны,
Як расказаў намеснік старшыні Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, першы намеснік старшыні Дзяржаўнай Думы Іван Мельнікаў, у час пасяджэння вызначаць мэты і задачы, над якімі будзе працаваць камісія ў бліжэйшай перспектыве.
«Асноўная задача камісіі ў тым, каб кансалідаваць грамадскія і палітычныя сілы, навуковую супольнасць вакол праектаў, звязаных з абаронай памяці пра Вялікую Айчынную вайну, подзвігі нашых герояў, Другую сусветную вайну, — адзначыў ён. — Гэта задача цяпер вельмі актуальна, калі ў многіх заходніх краінах зносяць помнікі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, нашым воінам і палкаводцам, апаганьваюць магілы, у цэлым перапісваецца гісторыя тых падзей. Гэта хваля на Захадзе выклікае адваротную, моцную хвалю тых, хто хоча абараняць нашу гісторыю, праўду пра тыя трагічныя і гераічныя дні, якія перажыла наша Радзіма».
Іван Мельнікаў таксама падзяліўся планамі: пры камісіі Парламенцкага сходу створаць дадатковыя структуры, якія аб’яднаюць гісторыкаў і экспертаў. І паміж імі наладзяць цеснае супрацоўніцтва для сумеснага вырашэння пытанняў. Супрацоўніцтва будзе наладжана з профільнымі міністэрствамі і ведамствамі дзвюх дзяржаў. «Школьныя праграмы, праграмы ВНУ, тыя творы, якія выпускаюцца па матэрыялах Другой сусветнай вайны, Вялікай Айчыннай вайны, работа нашых музеяў, усё гэта будзе ў полі зроку нашай камісіі», — адзначыў ён.
І не выпадкова першае пасяджэнне камісіі праходзіць у дні маладзёжнага форуму Саюзнай дзяржавы ў Магілёве, паколькі да работы камісіі абавязкова будуць прыцягваць моладзь.
Намеснік старшыні Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Вадзім Іпатаў звярнуў увагу, што сустрэча праходзіць у сімвалічным месцы — Буйніцкім полі. «Мерапрыемства праходзіць у рамках маладзёжнага форуму, гэта падкрэслівае сувязь пакаленняў. Сёння ва ўмовах гібрыднай вайны, агрэсіўнай палітыкі калектыўнага Захаду, якая накіравана на падрыванне нашых асноў, асноў, звязаных з гісторыяй дзвюх краін, перш за ўсё накіравана на моладзь. Калі мы не будзем гаварыць з моладдзю, расказваць ёй пра тых людзей, якія аддалі сваё жыццё, ахвяравалі сабой у імя будучых пакаленняў, значыць, нехта будзе гаварыць нешта іншае. А гэтага мы дапусціць не павінны», — падкрэсліў ён.
Ён дадаў, што ўжо ёсць планы па пашырэнні функцый створанай камісіі. «Члены камісіі, не чакаючы першага пасяджэння, унеслі прапановы, якія звязаны з пошукавай работай, навуковымі даследаваннямі, разглядам пытанняў заканадаўства дзвюх краін, фарміравання мадэльнага заканадаўства ў рамках дзейнасці Парламенцкага сходу Саюза Беларусь і Расіі, — адзначыў Вадзім Іпатаў. — Усё гэта мае агульную канчатковую мэту — выканаць канстытуцыйныя патрабаванні нашых дзвюх краін, дзе замацаваны прамыя нормы аб захаванні гістарычнай памяці пра Вялікую Айчынную вайну».
Фота Алега Файніцкага