Каля 3,5 тыс. новых рабочых месцаў плануюць забяспечыць у «Вялікім камені» ў гэтым годзе
Фота з архіва
20 лютага, Мінск . У «Вялікім камені» ў гэтым годзе плануецца забяспечыць каля 3,5 тыс. рабочых месцаў. Аб гэтым расказаў кіраўнік адміністрацыі індустрыяльнага парка Аляксандр Ярашэнка ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1», .
Паводле слоў Аляксандра Ярашэнкі, у планах развіцця на гэты год — далейшы прырост магчымасцей. «Плануем прырасці і каля 3,5 тыс. рабочых месцаў забяспечыць. Гэта высокатэхналагічныя, інавацыйныя рабочыя месцы, новыя прафесіі, новыя магчымасці», — падкрэсліў ён.
Кіраўнік адміністрацыі таксама абазначыў мэты ў інвестыцыйным сегменце. «Стаіць задача, і мы рухаемся да яе, — забяспечыць агульны аб’ём прыцягнення інвестыцый у парк амаль $1 млрд. Цяпер падышлі да лічбы больш як $877 млн», — дадаў Аляксандр Ярашэнка.
З пачатку года ў індустрыяльным парку падтрымліваюць дынаміку, набраную ў 2023 годзе, які склаўся даволі паспяхова. «За месяц з нечым зарэгістравалі восем рэзідэнтаў», — адзначыў кіраўнік адміністрацыі парка. Усяго ў «Вялікім камені» працуюць 127 рэзідэнтаў.