Усе раёны прыбавілі ў бягучым годзе. Брэсцкі аблвыканкам аб састаўных частках атрымання рэкорднага ўраджаю збожжа
Фота з архіва
29 жніўня, Брэст . Брэсцкая вобласць атрымала рэкордны ўраджай збожжа. У рэгіёне ўпершыню ў гісторыі намалацілі 1,5 млн т. Усе 16 раёнаў павялічылі вал збожжа ў параўнанні з папярэднім годам, паведаміў першы намеснік Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі.
«У бягучым годзе ўпершыню ў гісторыі наша Брэсцкая вобласць перасягнула мяжу па намалоце 1,5 млн т збожжа без кукурузы і рапсу. Прыбаўка ў валавым зборы да выніку 2024 года склала больш за 187 тыс. т. Наш лідар — Баранавіцкі раён — намалаціў больш за 180 тыс. т збожжа», — адзначыў Дзмітрый Гарадзецкі. Упершыню на Брэстчыне восем раёнаў перасягнулі мяжу па намалоце 100 тыс. т збожжа: Баранавіцкі, Пружанскі, Камянецкі, Кобрынскі, Пінскі, Драгічынскі, Іваноўскі і Столінскі.
«Ёсць у нас гаспадаркі-лідары. Больш за 50 тыс. т намалочана на «Птушкафабрыцы «Дружба» Баранавіцкага раёна. Акрамя таго, звыш 30 тыс. т атрымана ў чатырох гаспадарках — «Белавежскі» (Камянецкі раён), «Крошын» (Баранавіцкі раён), «Ружаны-Агра» (Пружанскі раён), «Астрамечава» (Брэсцкі раён). Звыш 10 тыс. т у нас у 37 гаспадарках», — пералічыў першы намеснік старшыні аблвыканкама.
Сярэдняя ўраджайнасць на палях Брэсцкай вобласці ў бягучым годзе складае 45,1 ц/га. Гэта на 7,8 ц/га больш да ўзроўню мінулага года. «Напрыклад, Драгічынскі атрымаў плюс 13,5 ц/га, Іванаўскі — плюс 12,3 ц/га, Жабінкаўскі — плюс 11,2 ц/га, Маларыцкі і Пінскі прыбавілі больш за 10 ц/га, а Столінскі — амаль 10 ц/га. Сярэдняя ўраджайнасць звыш 50 ц/га ў трох раёнах — Баранавіцкім, Ляхавіцкім і Столінскім. Хацеў бы адзначыць рэгіёны, якія не маюць асабліва ўрадлівых зямель, але пры гэтым за кошт тэхналогій, адказнасці людзей, высокага ўзроўню арганізацыі атрымалі таксама ўраджайнасць амаль 50 ц/га. Гэта Драгічынскі, Жабінкаўскі, Іванаўскі раёны. Вельмі дастойны вынік», — сказаў Дзмітрый Гарадзецкі. Лідарамі па ўраджайнасці сярод гаспадарак Брэстчыны сталі «Шлях новы» Ляхавіцкага раёна — 77,4 ц/га, «Крошын» — 76,3 ц/га, УП «Грушава-Мілк» Столінскага раёна — 68,6 ц/га.
«Адыграла ролю сукупнасць фактараў. У першую чаргу гэта тэхналагічны падыход, пачынаючы ад этапу правядзення пасяўной кампаніі, работы з мінеральнымі ўгнаеннямі, ахова збожжавых культур. Такі прыемны вынік атрымаўся дзякуючы ўкладу ўсіх людзей. Усе рэгіёны прыбавілі ў бягучым годзе», — падкрэсліў першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама.
У Брэсцкай вобласці 752 экіпажы намалацілі больш за 1 тыс. т збожжа, 93 — больш за 2 тыс. т, сем — больш за 3 тыс. т, адзін — больш за 4 тыс. т, яшчэ адзін — больш за 5 тыс. т. У перадавікі выйшаў экіпаж з «Крошына». Ігар Гаўрык і Аляксей Малейка намалацілі больш за 5 тыс. т збожжа. У гэтай жа гаспадарцы працуе вадзіцелем Вячаслаў Трус, які перавёз амаль 8,9 тыс. т збожжа.
«Шчырыя словы ўдзячнасці кожнаму хлебаробу. Вынік — уклад розных пакаленняў нашых аграрыяў: і кіраўнікоў, і спецыялістаў, і механізатараў, аграномаў, інжынераў, усіх і кожнага, хто рабіў зачын для атрымання ўраджаю, даглядаў, прыклаў намаганні для збору ўраджаю з мінімальнымі стратамі», — рэзюмаваў Дзмітрый Гарадзецкі.