Літаратурна-музычны вечар да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі пройдзе ў музеі Якуба Коласа
Фота з архіва
29 сакавіка, Мінск . Літаратурна-музычны вечар «Шыр бязмежная на ўсход» да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, 225-годдзя Аляксандра Пушкіна і 210-годдзя Міхаіла Лермантава пройдзе 2 красавіка ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.
На літаратурна-музычным вечары ў музеі Якуба Коласа плануецца выступленне вядомых літаратараў і тэатральных дзеячаў, чытанне твораў Пушкіна і Лермантава, як у арыгінале, так і ў перакладзе на беларускую мову. Музычным упрыгажэннем вечара стане чароўная музыка ў выкананні навучэнцаў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
Вечар стартуе ў 16.00. Акрамя таго, у 12.00 пачнецца мерапрыемства, прысвечанае Міжнароднаму дню дзіцячай кнігі, у час якога прэзентуюць выданне паэмы Якуба Коласа «Міхасёвы прыгоды», а таксама адбудзецца сустрэча з праўнучкай класіка.