Спорт

Абласны этап спаборніцтваў «Снежны снайпер» сабраў у Чавусах больш за 300 удзельнікаў


Фота з архіва

29 студзеня, Магілёў . Абласныя фінальныя спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне «Снежны снайпер» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба сабралі больш за 300 удзельнікаў. Яны праходзяць з 29 па 31 студзеня ў Чавусах,

«Ідэя гэтых спаборніцтваў — знайсці адораных дзяцей для заняткаў біятлонам, і цікавыя ўдзельнікі ёсць у кожнай узроставай групе, — падкрэсліў дырэктар СДЮШАР Чавускага раёна Аляксандр Дарафееў. — Нашы трэнеры ўжо бачаць перспектыўных дзяцей, якіх мы хацелі б бачыць у ліку навучэнцаў сваёй школы, бо ў нас яны змогуць займацца біятлонам на высокім прафесійным узроўні. Не хочацца, каб на самай справе таленавітыя і здольныя дзеці пасля ўдзелу ў «Снежным снайперы» ўсё закінулі і забылі. У нас ёсць усё неабходнае, каб развіцца далей — і педагогі, і матэрыяльная база. Цалкам магчыма, што і сёння сярод удзельнікаў ёсць будучыя алімпійскія чэмпіёны».

Абласныя спаборніцтвы арганізаваны ў трох узроставых групах: малодшая — дзяўчынкі і хлопчыкі 2013-2014 гадоў нараджэння, сярэдняя — 2011-2012-х, старэйшая — 2009-2010-х. У каманду кожнага раёна, а таксама Магілёва і Бабруйска ўвайшлі па 14 чалавек, у тым ліку 12 навучэнцаў і два прадстаўнікі ад навучальнай установы. Спаборніцтвы праходзяць у два этапы. Пераможцаў у асабістым і камандным першынствах вызначаць ва ўсіх узроставых групах у кожным відзе праграмы — спрынтарская гонка, мас-старт або змешаная эстафета. Лепшыя з лепшых трапяць у фінал, які адбудзецца на рэспубліканскай біятлоннай трасе ў Раўбічах. Па выніках абласнога этапу будзе сфарміравана каманда Магілёўскай вобласці, куды ўвойдзе па 8 чалавек у кожнай узроставай групе.

Сямікласніца Вольга Канаплёва прыехала на спаборніцтвы з аграгарадка Ціманава Клімавіцкага раёна. Яна займаецца спортам паўтара года — гаворыць, лыжамі захапілася ўслед за аднакласніцай, якая наведвала адпаведную секцыю. Жаданне паспрабаваць сябе ў гэтым відзе спорту перарасло ў сур’ёзнае хобі. Цяпер разам з сяброўкай яны ўзмоцнена трэніруюцца па чатыры разы на тыдзень і мараць аб дасягненні спартыўных вышынь. «Спорт вельмі люблю, у «Снежным снайперы» на раёне была першай — гэта вельмі прыемна», — дзеліцца ўдзельніца.

Наталля Камінская з Круглага, мама 12-гадовых двайнятак Арыны і Дарыны, з любоўю і гонарам расказвае пра поспехі сваіх дачок. «На «Снежным снайперы» выступаем ужо трэці год, у пазамінулым годзе Арына стала пятай на рэспубліцы — выдатны вынік, — адзначае яна. — У свой час я прафесійна займалася лёгкай атлетыкай, таму нядзіўна, што маім дзяўчынкам любоў да спорту перадалася генетычна».

Яшчэ адна жыхарка Круглага Марыя Поршнева балее за 12-гадовага сына Яўгена. Прызнаецца, што яны не прафесіяналы, а аматары — хлопчык з задавальненнем катаецца зімой на лыжах у школе. Аднак гэта не перашкодзіла яму заняць другое месца на раённым этапе спаборніцтваў. «Спартыўнае мерапрыемства такога ўзроўню для нас у навінку, удзельнічаем у ім упершыню, — падкрэсліла яна. — Перапаўняе радасць і гонар за поспехі сына. Да абласнога этапу падышлі падрыхтаванымі — з правільным маральным настроем і канцэнтрацыяй, а таксама доўгім трэніровачным працэсам, які папярэднічаў гэтым спаборніцтвам. Спадзяёмся трапіць у лік лепшых».

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть