«Я выхаваны вёскай і простымі людзьмі». Мастак Панцюк-Жукоўскі прадставіў у Мінску персанальную выставу
Фота арганізатара
8 жніўня, Мінск . Новая персанальная выстава Аляксея Панцюка-Жукоўскага «На скрыжаванні стагоддзяў. Пад мірным небам маладая Беларусь» пачала сваю работу ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага,
На выставе прадставілі больш за 70 твораў розных жанраў і часу стварэння. Усе яны прысвечаны тэме Беларусі і злучаюць мінулае і сучаснае Радзімы. У сваіх карцінах аўтар паказвае складаны шлях краіны: станаўленне яе незалежнасці, подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Таксама адзначаюцца выдатныя дзеячы беларускай нацыі.
Рэалізм як стыль дапамагае аўтару перадаць хараство роднага краю і дае магчымасць гледачам не проста назіраць за творам, але і перанесціся ў яго.
Аляксей Панцюк-Жукоўскі — член Беларускага саюза мастакоў, удзельнік рэспубліканскіх і міжнародных выстаў, лаўрэат прэміі Міністэрства абароны да 90-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне выяўленчага мастацтва.
Мастак нарадзіўся ў вёсцы Бабунічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Сельскае жыццё вельмі паўплывала на яго ўспрыманне свету і выхаванне. «У вёсцы мы не ведалі, хто такі яўрэй, татарын, рускі. Мы ўсе былі бабуноўцы. А ў суседняй вёсцы Міхедавічы — міхедаўцы. А па нацыянальнасці — беларусы, таму што мы ў Беларусі жывём. Такая была прыналежнасць да Радзімы. Я выхаваны вёскай і простымі людзьмі», — прыгадаў Аляксей Панцюк-Жукоўскі.
Моманты яго дзяцінства знайшлі адлюстраванне і ў работах. Напрыклад, мастак расказаў пра карціну «Водар сунічнага лета» — нацюрморт аказаўся напоўнены асабістымі дэталямі. «Я хацеў напісаць пра сваю маму, сваю Радзіму, пакінуць гэтыя ўспаміны. Гэтыя дошкі — мяжа між тым, што было тады і што ёсць сёння. А ў кошыку журавіны з балота, дзе маці хавалася ад немцаў з вясковымі жыхарамі. У вазе стаіць зрэзаная вярба, а не кветкі», — падзяліўся аўтар.
Аляксей Панцюк-Жукоўскі вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя Глебава. А пазней — у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. Пасля заканчэння выкладаў у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце музыкі і выяўленчых мастацтваў імя Ахрэмчыка. У дзень адкрыцця выставы ён успомніў пачатак свайго творчага шляху: «Я 41 год працаваў з дзеткамі і вучыў іх маляваць. А мяне ў вёсцы ніхто не вучыў. Маці малявала палачкай на зямлі, тата сядзеў побач і гаварыў: «Ты няправільна малюеш, давай пакажу». Гэта была ўся мая вучоба. Пасля 9 класаў прыехаў у Мінск паступаць у мастацкае вучылішча на мастака-афарміцеля. Не ведаў, што такое афармленне, але хацеў быць мастаком. Падаўся на аддзяленне. Здаў усе экзамены на выдатна, акрамя рускай літаратуры, па ёй атрымаў тройку. У мяне не хапіла балаў. Выклікалі ў прыёмную камісію. Гавораць: «Хлопец, ты добра здаў экзаменацыйныя заданні. Пераводзься на педаддзяленне. Калі напішаш заяву, абгоніш многіх па балах і будзеш у нас вучыцца». У выніку на аддзяленні малявання і чарчэння аказалася больш малявання і жывапісу, чым на афармленні, лепш падрыхтаваўся, каб паступіць далей у інстытут. Вось так стаў мастаком».
Экспазіцыя прадоўжыцца да 7 верасня.