Футбалісты «Нёмана» прабіліся ў плэй-оф кваліфікацыі Лігі канферэнцый

Фота Мінспорту
15 жніўня, Мінск . Футбалісты гродзенскага «Нёмана» прабіліся ў плэй-оф кваліфікацыі Лігі канферэнцый,
Пасля выязнога паражэння ад фарэрскага «Клаксвіка» з розніцай два мячы — намінальна дамашнім паядынку ў венгерскім Сегедзе — віцэ-чэмпіёны Беларусі выйгралі ў серыі пенальці. Гродзенскія футбалісты пачалі гульню на высокіх хуткасцях, імкнучыся як мага хутчэй адкрыць лік. Але час ішоў, а гола ўсё не было — у канцоўках атак беларусам не хапала дакладнасці. Пасля перапынку гульня ішла па тым жа сцэнарыі: «Нёман» цалкам дамінаваў, ствараў галявыя моманты, і на 80-й хвіліне адзін з іх выкарыстаў Гулжыгіт Барубаеў. А яшчэ праз пяць хвілін Юрый Панця забіў другі мяч, зраўнаваўшы лік па суме дзвюх сустрэч. У дадатковы час гродзенцы шмат атакавалі, але вынік 2:0 на іх карысць не змяніўся. У серыі пасляматчавых пенальці поспех быў на баку «Нёмана» — 5:4. На мінулым тыдні падапечныя Ігара Кавалевіча ўступілі сапернікам з лікам 0:2.
Такім чынам, у барацьбе за тое, каб трапіць у асноўны этап Лігі канферэнцый, «Нёман» будзе сапернічаць з іспанскім «Раё Вальекана» з Мадрыда. Сустрэчы адбудуцца 21 і 28 жніўня.
У першым крузе кваліфікацыі трэцяга па рангу кантынентальнага турніру «Нёман» двойчы перамог армянскі «Урарту» з Ерэвана — 2:1 і 4:0, а затым стаў мацнейшым за футбалістаў славацкага «Кошыцэ» — 3:2 і 1:1. Пасля другога раўнда з еўракубкавых турніраў выбылі мінскае «Дынама» і жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ», а брэсцкае «Дынама» завяршыла свой еўракубкавы сезон пасля першага этапу кваліфікацыі ЛК.