Унікальныя копіі старажытных наўгародскіх абразоў прадставілі на выставе ў Мінску
13 жніўня, Мінск . Выставу копій дванаццаці абразоў XIII-XVI стст. са збору Наўгародскага музея-запаведніка прадставілі ў Мінскай гарадской ратушы,
Выстава знаёміць з шэдэўрамі калекцыі старажытнарускага жывапісу. Экспазіцыя дае магчымасць адчуць спецыфіку наўгародскай школы іканапісу: асаблівую паўночную строгасць і веліч, павышаную выразнасць выяўленчай мовы мясцовых майстроў.
Паводле слоў саветніка генеральнага дырэктара Наўгародскага музея-запаведніка Ісака Фрэйдмана, выстава прыехала ў Беларусь у свой дзясяты юбілейны год. Сярод прадстаўленых экспанатаў — старажытны рускі падпісны абраз «Св.Мікалай Цудатворац» 1294 года майстра Алексы Пятрова з царквы Св. Міколы на Ліпні, «Пакроў Прасвятой Багародзіцы» канца XIV стагоддзя са Зверына манастыра. Можна ўбачыць творы XV стагоддзя «Стрэчанне», «Праабражэнне», «Уваскрашэнне Лазара» і «Бітва наўгародцаў з суздальцамі (Цуд ад абраза «Маці Божая Знаменне»)».
«Наўгародскі музей адносіцца да самых вялікіх і найстарэйшых музеяў Расіі, мае разнастайныя калекцыі. Адна з самых каштоўных — калекцыя старажытнарускага жывапісу. У ёй знаходзяцца экспанаты, якія не пакідаюць Вялікі Ноўгарад. Яны вельмі каштоўныя і дарагія. І ў нас даўно ўзнікла жаданне пазнаёміць як мага большую колькасць людзей з імі. Таму ў 2015 годзе мы пры дапамозе маскоўскага аб’яднання «Сафійская набярэжная» і новых тэхналогій стварылі ўнікальныя, поўнаразмерныя копіі абразоў на драўлянай аснове», — сказаў Ісак Фрэйдман.
«Стварэнне копій — даволі сур’ёзны і цяжкі працэс. Спачатку розныя часткі абраза здымаюць паасобна, затым электронныя выявы кадрыруюцца ў залежнасці ад памеру абраза і злучаюцца разам. Далей ідзе пробны друк, які карэкціруецца мастацтвазнаўцамі па колераперадачы. Гэта вельмі складаны працэс, таму што калі, напрыклад, пачынаем змяняць чырвоны колер, ён за сабой цягне іншыя колеры, — растлумачыў Ісак Фрэйдман. — Мы чакаем, калі мастацтвазнаўцы скажуць, што наша работа падобна на сапраўдную копію. Затым пачынаецца працэс друку, рыхтуецца дошка для абраза, пакрытая асаблівым лакам, які імітуе ляўкас. Друк рэалізуецца з дапамогай спецыяльнага прынтара».
Ён падкрэсліў, што выстава прысвечана культуры, якая аб’ядноўвае нашы народы. А назва «Бязмоўная пропаведзь» звязана з пропаведдзю праваслаўных каштоўнасцей, пакладзеных у аснову нашай культуры. Выстава пабывала ўжо ў многіх краінах. І сёлета прыехала ў Музей гісторыі горада Мінска дзякуючы супрацоўніцтву адміністрацыі Вялікага Ноўгарада і адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска. Далей выстава прадоўжыць сваё падарожжа па Беларусі і адправіцца ў Полацк.
Але гэтым супрацоўніцтва Беларусі і Вялікага Ноўгарада не абмяжоўваецца. Так, гэтымі днямі ў Вялікім Ноўгарадзе праходзіць выстава Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, а ў красавіку наступнага года наўгародская выстава прыедзе ў Мінск.
Старшыня камітэта па турызме і замежных сувязях адміністрацыі Вялікага Ноўгарада Вольга Васільева адзначыла, што пагадненне аб супрацоўніцтве з адміністрацыяй Цэнтральнага раёна горада Мінска было падпісана два гады таму. За гэты час рэалізавана шмат сумесных праектаў па розных напрамках, і супрацоўніцтва, у тым ліку ў культурнай сферы, прадоўжыцца.