Прысвечаную савецкаму кінематографу і героям ВАВ выставу прадставілі ў галерэі «Універсітэт культуры»

20 жніўня, Мінск . Новая выстава «Яны змагаліся за Радзіму: героі вайны, героі экрана» прысвечана савецкаму кінематографу,
Экспазіцыя размешчана ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры». Праект прымеркаваны да 80-гадовага юбілею Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
На выставе прадстаўлены фатаграфіі легендарных акцёраў савецкага кіно, чые работы ўвайшлі ў залаты фонд гісторыі беларускага і расійскага кінематографа. Сярод іх — Уладзімір Басаў, Яўген Мацвееў, Інакенцій Смактуноўскі, Анатоль Папанаў, Міхаіл Пугаўкін, Сяргей Міхалкоў і многія іншыя. 
Героі здымкаў ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны і змаглі перадаць вобразы вызваліцеляў у розных фільмах: «Лёс чалавека» і «Яны змагаліся за Радзіму» Сяргея Бандарчука, «Балада пра салдата» Рыгора Чухрая, «Іванава дзяцінства» Андрэя Таркоўскага, «У жніўні 44-га» Міхаіла Пташука, «Брэсцкая крэпасць» Аляксандра Кота і іншых.
Вядучы архівіст аддзела дзяржаўнага ўліку даведачнага апарату Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў Алена Грыневіч адзначыла ролю фотамастака Міколы Гнісюка ў стварэнні выставы: «Сёння, у дзень адкрыцця, мы святкуем сусветны дзень фатаграфіі. Гэтыя дакументы — заслуга Міколы Гнісюка, якому пашчасціла ў дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў набыць гэтыя здымкі ў яго жонкі. Яна перадала нам больш за тысячу фотарэпрадукцый на шкле і іншых аб’ектаў. Гэта ўнікальныя дакументы, якія сёння мы алічбоўваем і плануем разам з імі правесці не адну такую выставу», — расказала яна.
Член прэзідыума Беларускага саюза кінематаграфістаў Валянціна Сцяпанава расказала пра гістарычны кантэкст прадстаўленых здымкаў: «Вельмі рэдкія фатаграфіі ўбачылі паклоннікі беларускага і расійскага кіно. Вялікія людзі савецкага кінамастацтва, і мастацтва ў цэлым, у большасці здымалі ў нас беларускае кіно, і былі на творчых сустрэчах з гледачамі. У 1988 годзе ў нас праходзіў Усесаюзны фестываль савецкага кіно, усе вялікія людзі былі ў нас», — падзялілася член прэзідыума. 
На яе думку, тэма герояў вайны, якой прысвечана выстава, важна для людзей. «Мы ўважліва падыходзілі да адбору фільмаў і герояў, фота якіх прадстаўлены на выставе», — адзначыла Валянціна Сцяпанава.
Таксама яна падкрэсліла, што гэта экспазіцыя будзе мець працяг. «Выстава будзе прадстаўлена на рэспубліканскім фестывалі беларускіх фільмаў у горадзе Брэсце», — дадала яна.
Арганізатарамі экспазіцыі выступілі Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў, Беларускі саюз кінематаграфістаў, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь і мастацкая галерэя «Універсітэт культуры».
Выстава прадоўжыцца да 1 верасня 2025 года.
