Рок і класіка ў выкананні сімфанічнага аркестра. Віцебская філармонія 19 чэрвеня закрые чарговы сезон
14 чэрвеня, Віцебск . Віцебская абласная філармонія закрые свой 35-ы музычны сезон 19 чэрвеня канцэртам «Брава, філармонія!». Аб гэтым паведаміў мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор сімфанічнага аркестра ўстановы Уладзімір Бяляўскі.
Праграма закрыцця будзе рознапланавай і ўключыць у сябе тры блокі. Першы запросіць слухача ў свет класічнай музыкі — тут прадстаўлены і «Святочная ўверцюра» Дзмітрыя Шастаковіча, яго «Вальс нумар 2», «Венгерскі танец нумар 6» Іаганеса Брамса.
Творы кінамузыкі ўвайшлі ў другі раздзел канцэрта. Для дасведчанай віцебскай публікі прагучаць мелодыі з папулярных серыялаў і фільмаў. Кампазіцыі прыйдуцца даспадобы шматлікім фанатам «Гульні прастолаў», «Зорных войнаў», «Місіі», «Джэймса Бонда», мультфільма «Кароль Леў». Сюрпрыз для аматараў рока — адразу некалькі прэм’ер у выкананні аркестра філармоніі. Музыканты падрыхтавалі хіты груп Metallica, Bon Jovi і не толькі.
Упершыню на канцэрце аркестра будзе прадстаўлены такі інструмент, як барытон горн.
Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор аркестра адзначыў, што праграма выступленняў максімальна збалансаваная і кантрасная. «Можна сказаць, гэта будзе асарці з лепшага, новага, душэўнага, захапляючага і філасофскага, вядома, і акадэмічнага — святочнага, бо ў нас юбілейны год для філармоніі і горада, — сказаў Уладзімір Бяляўскі. — Упэўнены, праграма не пакіне гледачоў абыякавымі і яны зведаюць самыя розныя эмоцыі ў гэтым багацці музыкі».
Паводле яго слоў, кожную новую праграму аркестр філармоніі стараецца абнаўляць прыкладна на 50-70 працэнтаў, таму нават сталым наведвальнікам філармоніі будзе чаму падзівіцца.
Гэтым шоу, што прысвечана і 1050-годдзю Віцебска (горад адзначыць свой дзень нараджэння ў канцы месяца) філармонія закрые 35-ы канцэртны сезон. Ён для сімфанічнага аркестра быў вельмі насычаным. «Паколькі мы заўсёды хочам парадаваць гледача новымі праграмамі і творамі, вельмі шмат работы праведзена над перакладаннямі для нашага незвычайнага складу. Я нават не сказаў бы, што яго можна назваць паўнацэнным сімфанічным аркестрам. Гэта новая інтэрпрэтацыя традыцыйнага аркестра — стараемся ісці ў нагу з часам, улічваючы новыя тэндэнцыі, музыку і запатрабаванні гледача. А на наступны сезон у нас ужо шмат планаў», — рэзюмаваў Уладзімір Бяляўскі.
Атрымаць асалоду ад твораў розных музычных жанраў у выкананні сімфанічнага аркестра Віцебскай абласной філармоніі гледачы змогуць 19 чэрвеня ў 19.00.