Спорт, экскурсіі, майстар-класы. У Беларусі пачаліся школьныя канікулы

Фота з архіва
2 лістапада, Мінск . У Беларусі пачаліся школьныя канікулы, .
У гэтым навучальным годзе асеннія канікулы прадоўжацца восем дзён — з 2 па 9 лістапада ўключна. «Задача педагогаў пры арганізацыі асенніх канікулаў — стварыць аптымальныя ўмовы для паўнацэннага і бяспечнага правядзення вольнага часу і аздараўлення навучэнцаў. Класныя кіраўнікі перад пачаткам канікулаў правялі прафілактычныя гутаркі з дзецьмі па правілах бяспечных паводзін, прафілактыцы траўматызму, папярэджанні дарожна-транспартных здарэнняў, навучанні навыкам самазахоўных паводзін, неабходнасці выканання норм паводзін у грамадскіх месцах і гэтак далей. Пры правядзенні ўсіх выхаваўчых мерапрыемстваў асаблівая ўвага звернута на забеспячэнне максімальнай бяспекі выхаванцаў. Размова ідзе аб правілах бяспекі пры перамяшчэнні дзяцей паблізу аўтадарог, чыгуначных пуцей, перавозцы транспартам, правядзенні масавых мерапрапрыемстваў, напрыклад, спартыўных спаборніцтваў, свят, наведванні ўстаноў культуры — тэатраў, музеяў, кінатэатраў», — расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Віктар Доўнар.
Ён адзначыў, што Міністэрствам адукацыі рэкамендавана арганізаваць правядзенне мерапрыемстваў у рамках пяцігодкі якасці і Года добраўпарадкавання.
«Адзін з напрамкаў работы — арганізацыя грамадска карыснай працы навучэнцаў, якая з’яўляецца важным сродкам працоўнага выхавання і садзейнічае рэалізацыі прафесійнага выбару, усведамленню сацыяльнай значнасці прафесійнай дзейнасці. У Год добраўпарадкавання асабліва актуальным з’яўляецца ўдзел у працоўных акцыях на прышкольнай тэрыторыі, тэрыторыі сваіх населеных пунктаў, работа па ахове і добраўпарадкаванні помнікаў гісторыі, культуры і прыроды свайго рэгіёна, воінскіх пахаванняў, шэфства над ветэранамі і пажылымі людзьмі. Таксама асаблівую ўвагу пры арганізацыі асенніх канікулаў трэба ўдзяляць дзейнасці аздараўленчых лагераў, змен, атрадаў ваенна-патрыятычнага профілю.
Акрамя таго, для забеспячэння максімальна магчымага аздараўленчага ўплыву і захавання ў далейшым працаздольнасці навучэнцаў неабходна арганізаваць правядзенне фізкультурна-аздараўленчых і спартыўных мерапрыемстваў. Пры арганізацыі работы з вучнямі неабходна выкарыстоўваць выхаваўчы патэнцыял адукацыйных экскурсій. Асеннія канікулы добра падыходзяць для наведвання вялікага турыстычнага маршруту «Пазнаём. Ганарымся. Захоўваем», у які ўваходзяць найбольш значныя аб’екты абласных цэнтраў і Мінска. Таксама можна арганізаваць экскурсіі для навучэнцаў па малым турыстычным маршруце «Пазнаём. Ганарымся. Захоўваем», у які ўваходзяць аб’екты свайго рэгіёна. Пры выбары экскурсійнага маршруту асаблівае значэнне мы рэкамендуем удзяліць наведванню ваенна-гістарычных экскурсійных аб’ектаў: музеяў, мемарыяльных комплексаў, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх мемарыяльныя комплексы «Брэсцкая крэпасць-герой», «Хатынь», «Буйніцкае поле», «Трасцянец», гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна», мемарыял «Курган Славы», Беларускі Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны», — праінфармаваў прадстаўнік Мінадукацыі.
Поўны пералік адукацыйных школьных маршрутаў па Беларусі «Пазнаём. Ганарымся. Захоўваем» размешчаны на сайце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.
Пры арганізацыі вольнага часу на канікулах трэба шырока выкарыстоўваць магчымасці сацыякультурнай прасторы ўстаноў адукацыі, населенага пункта, рэгіёна. «Рэспубліканскія ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў дні асенніх канікулаў прапануюць шмат пазнавальных мерапрыемстваў, інфармацыя аб якіх размешчана на іх афіцыйных інтэрнэт-сайтах. Напрыклад, Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк прапануе аглядныя экскурсіі па выставачных экспазіцыях з расказам пра дасягненні ў інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, арганізуе віртуальную выстаўку «Гэтай вайны не забудзецца боль», — дадаў Віктар Доўнар.
У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі з 1 па 6 лістапада праходзіць XI Адкрыты Міжнародны фестываль-конкурс «Творчасць без межаў», у выставачнай зале ўстановы прадстаўлены лепшыя работы Рэспубліканскай выстаўкі-конкурсу дзіцячай творчасці «АрхНавацыя-2025», выстаўка прысвечана Году добраўпарадкавання, прадаўжае работу выстаўка «Памяць па-за часам» фіналістаў намінацыі «Фота» XXXIV Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота «Млын моды», а 6 лістапада адбудзецца спектакль «Салодкая гісторыя» ўзорнага тэатра лялек «Васілёк».
У Нацыянальным гістарычным музеі адкрыты навагодні выставачны праект «Музей ёлачных цацак». Увазе наведвальнікаў будуць прадстаўлены навагоднія цацкі з Еўропы, Азіі, Аўстраліі, Амерыкі і Афрыкі, аналагаў якім няма ні ў адным еўрапейскім музеі. Госці змогуць даведацца пра сакрэты вытворчасці навагодніх упрыгажэнняў на адзінай у Беларусі фабрыцы ёлачных цацак.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі прапануе ўсім жадаючым экскурсіі «Мінск на далоні» з наведваннем агляднай пляцоўкі, «Падарожжа ў краіну кніжных скарбаў», інтэрактыўную экскурсію «Ажылыя кнігі» і іншыя.
У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны для навучэнцаў пачатковай школы працуе асобная зала «Музей для дзяцей». Ва ўстанове праходзяць музейна-педагагічныя заняткі, майстар-класы і інтэрактыўныя праграмы для навучэнцаў. Акрамя агляднай экскурсіі школьнікам таксама прапануюць шэраг тэматычных заняткаў па 45 мінут, якія глыбока раскрываюць тэмы з гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Ёсць праграмы для дзяцей таксама ў дзяржаўным музеі Янкі Купалы, дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, у Нацыянальным мастацкім музеі.
Віктар Доўнар падкрэсліў, што выхаваўчая работа ў перыяд асенніх канікулаў павінна стварыць умовы для аднаўлення эмацыянальных і інтэлектуальных рэсурсаў навучэнцаў, а таксама ўмацавання іх фізічнага здароўя.

