Футбалісты Беларусі перамаглі расіян на турніры развіцця УЕФА ў Мінску

19 верасня, Мінск . Футбалісты юнацкай зборнай Беларусі (U-15) атрымалі першую перамогу на турніры развіцця УЕФА, які праходзіць у Мінску, 
У сённяшнім матчы другога тура падапечныя Рамана Марозава абыгралі каманду Расіі з лікам 2:1. У складзе пераможцаў вызначыліся Ягор Раманаў і Цімафей Кавалевіч. На старце спаборніцтваў беларусы ўступілі турэцкім равеснікам з лікам 2:3 (мячы ў беларусаў забілі Іван Быстры і Арсеній Аплевіч), а расіяне разграмілі сербаў — 4:1. Таксама сёння сербскія футбалісты выйгралі ў туркаў — 5:3. Пасля двух гульнявых дзён усе ўдзельнікі набралі па тры ачкі.




У нядзелю, 21 верасня беларускія футбалісты завершаць турнір сустрэчай з сербскай камандай, а 22 верасня туркі будуць сапернічаць з расіянамі. Усе гульні праходзяць на комплексе футбольных палёў асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» ў Вяснянцы, уваход на трыбуны свабодны.
У канцы гэтага тыдня дзявочая зборная Беларусі (U-15) пачне выступленне на такім жа турніры ў Сербіі. У першым матчы падапечныя Таццяны Кіёсе згуляюць з сербскімі равесніцамі (21 верасня), затым сустрэнуцца з расіянкамі (23 верасня), а завершаць спаборніцтвы матчам з камандай Чарнагорыі (26 верасня).
Такія міжнародныя юнацкія турніры пад эгідай УЕФА праводзяцца з 2012 года ў рамках праграмы HatTrick. Беларусь упершыню прыняла такія спаборніцтвы ў 2013 годзе. Цяпер у турнірах развіцця прымаюць удзел юнакі і дзяўчаты з 55 нацыянальных футбольных асацыяцый, якія ўваходзяць ва УЕФА.



