Свята слова і культуры. ХXXII Дзень беларускага пісьменства прымае Ліда
Фота з архіва
6 верасня, Мінск . XXXII Дзень беларускага пісьменства прымае 6 і 7 верасня горад Ліда. У гэтым годзе ў канцэпцыю свята ўключаны такія тэмы, як 80-годдзе Вялікай Перамогі, Год добраўпарадкавання і 500-годдзе з моманту першай публікацыі кнігі «Апостал» Францыска Скарыны.
Урачыстасці з нагоды Дня беларускага пісьменства ўжо шмат гадоў праводзяць у розных гарадах Беларусі для папулярызацыі лепшых традыцый нацыянальнай культуры і друкаванага слова. Яго прымаюць гістарычныя і культурныя цэнтры, з якімі звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны. Традыцыя святкаваць Дзень беларускага пісьменства зарадзілася ў 1994 годзе, калі 28 жніўня ў Полацку ўпершыню прайшлі мерапрыемствы ў гонар Дня беларускага пісьменства і друку. 26 сакавіка 1998 года быў прыняты ўказ Прэзідэнта нумар 157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь», які ўстанавіў, што Дзень беларускага пісьменства будзе штогод адзначацца ў першую нядзелю верасня. З таго часу свята атрымала асабліва шырокі размах і падтрымку на самым высокім узроўні.
Сталіцамі маштабнага свята раней ужо станавіліся Полацк, Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў, Іванава, Слонім, Бялынічы, Капыль, Добруш, Гарадок, Івацэвічы.
У гарадах, якія прымаюць Дзень беларускага пісьменства, праводзяць шырокія работы па рамонце, рэканструкцыі і аднаўленні будынкаў, вуліц і плошчаў, абнаўленні жыллёвага фонду, уводзяць у эксплуатацыю аб’екты сацыяльна-культурнай сферы, адкрываюць помнікі архітэктуры і мастацтва. У час свята ўдзельнікі і госці ўрачыстасці знаёмяцца з новымі кніжнымі выданнямі, сустракаюцца з літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, слухаюць выступленні паэтаў і пісьменнікаў, творчых калектываў і выканаўцаў.
У гэтым годзе сталіцай Дня беларускага пісьменства стаў горад Ліда Гродзенскай вобласці. Ён быў заснаваны ў 1323 годзе і атрымаў сваю назву ад ракі Лідзеі. На ёй быў пабудаваны знакаміты Лідскі замак, які стаў адным з важнейшых абарончых збудаванняў таго часу.
У 1590 годзе Ліда атрымала Магдэбургскае права і гарадскі герб. У наступныя стагоддзі горад уяўляў сабой адміністрацыйны, судовы, гандлёвы цэнтр павета, раёна. З 1759 па 1834 год у ім існавала сярэдняя навучальная ўстанова — піярскі калегіум, выпускнікі якога пакінулі прыкметны след у навуцы і літаратуры. З другой паловы XIX стагоддзя пачала інтэнсіўна развівацца прамысловасць, гэтаму садзейнічала пракладанне чыгункі. У горадзе з’явіліся чыгуналіцейныя, машынабудаўнічыя, лесапільныя, макаронныя, кандытарскія фабрыкі і заводы, шматлікія магазіны, рэстараны і гасцініцы. Сучаснае аблічча горад атрымаў у 60-80-я гады ХХ стагоддзя.
Багата лідская зямля і на таленавітых асоб. Тут нарадзіліся акадэмік Аркадзь Мігдал і гісторык літаратуры Пётр Коган, кампазітар Канстанцін Горскі, спартсмен Валерый Цыленьць.
Сёння Ліда — сучасны культурны рэгіён Гродзеншчыны. У горадзе больш за 300 вуліц і завулкаў — пражывае больш за 100 тысяч чалавек. Працуюць 25 вялікіх прамысловых прадпрыемстваў. Акрамя школ ёсць гімназія, ліцэй, чатыры каледжы.
Да Дня беларускага пісьменства ў Лідзе адрамантавалі бібліятэку, адкрылі абноўленую кнігарню, добраўпарадкавалі тэрыторыі каля Лідскага замка, распрацавалі новы турыстычны маршрут. Да свята ўстаноўлены арт-аб’ект «Верабейкі» лідскага скульптара Рычарда Грушы. Гэта цікавая архітэктурная форма, якая створана паводле верша беларускага савецкага паэта Валянціна Таўлая.
Гасцей свята чакае насычаная і разнастайная праграма. 6 верасня ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя «Лідскія чытанні», якая традыцыйна праходзіць сумесна з НАН. На пляцоўках фестывалю з 10 раніцы да 20 гадзін вечара 6 верасня і з 10 раніцы да 16 гадзін 7 верасня будуць арганізаваны розныя мерапрыемствы, інтэрактывы, сустрэчы з пісьменнікамі, гульні, майстар-класы.
На вуліцы Мітрапаліта Філарэта пройдзе Фестываль кнігі і прэсы. Сёлета на ім асаблівая ўвага будзе ўдзелена рэгіёнам. Кожная вобласць прэзентуе свой літаратурны патэнцыял, а таксама навінкі кнігавыдання. Горад наведаюць дэлегацыі рэгіянальных саюзаў пісьменнікаў. Аматары літаратуры змогуць сустрэцца з публіцыстамі, паўдзельнічаць у аўтограф-сесіях.
На вуліцы Замкавай будзе працаваць турыстычная пляцоўка Лідскага раёна, дзе пройдзе прэзентацыя новага спецыяльна распрацаванага да свята маршруту «Месцы сілы на Лідчыне». На той жа вуліцы будуць чакаць аматараў спорту і актыўнага ладу жыцця. Тут адкрыецца інтэрактыўная пляцоўка «Кніга і спорт — рух наперад!».
Музеі і бібліятэкі выставяць свае пазнавальныя і інтэрактыўныя экспазіцыі і лакацыі на вуліцы Савецкай. А пляцоўкі ўстаноў адукацыі, арт-квартал, горад майстроў з майстар-класамі адкрыюцца на Ленінскай вуліцы.
У Лідскім замку пройдзе Дзень сярэдневяковай культуры, а на 7 верасня запланавана анімацыйная праграма «Скрозь прызму часу».
Лідскі мастацкі музей адкрые свае дзверы для наведвальнікаў выстаў. Гасцям свята прадставяць выставу з фондаў музея «Вайна глядзіць праз кніжныя старонкі», прымеркаваную да 80-годдзя Вялікай Перамогі.
Жыхароў і гасцей горада таксама чакае насычаная канцэртная праграма. Культурны марафон талентаў «Ліда мову ўслаўляе і гасцей усіх вітае!» пройдзе каля помніка Гедыміну 6 верасня. Два дні ў Лідзе будзе гучаць харавая песня. На другой сцэне, якая будзе адкрыта на вуліцы Савецкай, пройдзе «Лідскі ХОР-ФЭСТ».
У 20.00 на галоўнай сцэне каля Палаца культуры пачнецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця Дня беларускага пісьменства. Мерапрыемства пройдзе ў фармаце тэатралізаванага паказу, пабудаванага як гістарычнае падарожжа праз прызму Лідчыны. Будуць гучаць не толькі вершы беларускіх паэтаў, але і песні, напісаныя паводле іх твораў. У канцэртнай праграме выкарыстана паэзія як класікаў, так і сучасных пісьменнікаў Беларусі.
На вечар першага дня свята запланаваны феерверк, які адбудзецца ў 22.00.
7 верасня будуць падведзены вынікі конкурсу вершаў аб Лідскім замку «Голас стагоддзяў». А на галоўнай сцэне горада пройдзе ўзнагароджванне пераможцаў конкурсу «Хвала рукам, што пахнуць хлебам».
На цырымоніі закрыцця, якая адбудзецца ў 14.00, прагучаць песні маладых выканаўцаў на словы беларускіх пісьменнікаў.
Ліда гатова прымаць гасцей, іх чакае мноства разнастайных мерапрыемстваў, багацце музыкі і творчасці. Гэтыя дні стануць запамінальнымі не толькі для жыхароў горада, але і для ўсіх яго гасцей. Кожны знойдзе для сябе занятак даспадобы.