Пах сена і футбольны азарт. Як праходзіць экалагічны фестываль «Спораўскія сенакосы»
9 жніўня, Бярозаўскі раён . У вёсцы Высокае Бярозаўскага раёна 18-ы раз праходзіць экалагічны фестываль «Спораўскія сенакосы», які сабраў дзясяткі ўдзельнікаў і сотні гасцей, Традыцыя збірацца ў другую суботу жніўня тут жыве амаль два дзесяцігоддзі. На гэты раз у праграме майстар-класы рамеснікаў, канцэрт, забавы для дзяцей і выязны гандаль, але галоўнае — спаборніцтвы па ручной касьбе і футболе на балоце.
У спаборніцтвах па касьбе ўдзельнічаюць мужчынскія, жаночыя і змешаныя каманды з розных куткоў Беларусі, а таксама госці з Расіі. Кожнай пары касцоў трэба было хутка і якасна скасіць надзел даўжынёй 100 м. Лепшыя выходзяць у асабістае першынство. «Калі фестываль толькі пачынаўся, мы нават не меркавалі, што нашы местачковыя спаборніцтвы перарастуць у такі фестываль. Першы раз было ўсяго сем каманд. Цяпер прыязджаюць дзясяткі ўдзельнікаў, і мы бачым, што людзі па-сапраўднаму ўключаюцца. Сёння ў нас сабралася 18 каманд, ёсць удзельнікі з Расіі», — адзначыў дырэктар рэспубліканскага біялагічнага заказніка «Спораўскі» Вадзім Пратасевіч.
Ён падкрэсліў, што за спартыўным азартам стаіць важная экалагічная мэта — прыцягненне ўвагі да праблемы зарастання балот і захавання іх біяразнастайнасці. «Прамой аддачы мы не атрымліваем ад касьбы, але гэта момант асветы. Балота мае вялікую каштоўнасць для прыроды, яго трэба захоўваць», — сказаў ён. Асаблівае месца фестываль адводзіць захаванню спрадвечна беларускай традыцыі ручной касьбы. «Сярод удзельнікаў ёсць хлопцы, якіх дзядуля спецыяльна для фестывалю навучыў касіць. Гэта пераемнасць пакаленняў, гэта важна і патрэбна», — падзяліўся Вадзім Пратасевіч.
Сярод удзельнікаў 18-га экалагічнага фестывалю «Спораўскія сенакосы» быў брастаўчанін Іван Пецель — чалавек, для якога каса ўжо даўно стала не проста інструментам, а часткай жыцця. «Гадоў восем удзельнічаю ў гэтых спаборніцтвах. Упершыню пра фестываль даведаўся ў інтэрнэце, зацікавіўся — і паехаў. З таго моманту стараюся рэгулярна прыязджаць», — расказвае ён. Касіць Іван пачаў яшчэ падлеткам. «У дзяцінстве ў бацькі было тры каровы і два кані. Лета — з чэрвеня па верасень — усе сена касілі ўручную. Першы ўкос — да Сёмухі, другі — у верасні, калі трава адрастала. Думаю, гадоў у 12-13 ужо касіў як дарослы», — успамінае ён.
Сёння, гаворыць Іван, каса ў побыце амаль знікла: бензінавыя і электрычныя касілкі больш зручныя. «Але для душы — гэта іншае. Тут трэба і пакляпаць, і бруском падправіць, і тэхніку ведаць. Адзін камень зачапіў — і ўсё, каса тупая», — усміхаецца ён. Паводле яго слоў, фізічна касьба не так ужо і складана, калі ўцягнуўся. Для Івана ўдзел у фестывалі — гэта не столькі спорт, колькі вяртанне да каранёў і жывы напамін аб тым, што каса — частка беларускай традыцыі, якую тут, у Спораўскім, берагуць ужо 18 гадоў.
Стрыечны брат Івана — Пётр Печур — у «Спораўскіх сенакосах» удзельнічае чацвёрты раз і за гэты час паспеў «набіць руку». Першы раз ён выйшаў на луг па запрашэнні Івана, якому патрэбны быў надзейны напарнік, і з таго часу амаль кожны жнівень прыязджае ў Высокае. «Я сам родам з Іванаўскага раёна, маці ў мяне са Століншчыны. З дзяцінства кожнае лета ездзілі на балоты касіць. У школе яшчэ дапамагаў сваякам», — успамінае ён.
Для Пятра ўдзел у спаборніцтвах — гэта ўжо звыклая справа, але ўсё ж не такая простая, як здаецца. «Канкурэнцыя моцная, хлопцы вопытныя. Ацэньваюць і хуткасць, і якасць скошвання. Тут кожны агрэх бачны», — кажа ён. Пётр упэўнены: палова поспеху — у правільна падрыхтаванай касе. «Па-першае, яе трэба выставіць: ад ручкі да кончыка павінна быць аднолькавая адлегласць. Клёпка павінна быць якаснай, тады каса сама ідзе па траве». Для Пятра гэты фестываль — не толькі спаборніцтва, але і сувязь з дзяцінствам, калі касіць было не рэдкай забавай, а часткай лета.
Не менш відовішчным стала і так званае балота-футбольнае першынство. У гэтым годзе «балота» было хутчэй сімвалічным — арганізатары падрыхтавалі пляцоўку і завезлі зямлю, таму гуляць даводзілася на мяккай, гразкай глебе, дзе кожны крок даваўся з цяжкасцю. Нягледзячы на адсутнасць пырскаў і гразевых фантанаў, відовішчнасці матчам гэта не збавіла: падзенні, кур’ёзныя моманты і азарт ігракоў выклікалі гучны смех і бурныя апладысменты.
Фота Віталя Піваварчыка