Грамадства

Галоўнай тэмай маладзёжнай пляцоўкі на Александрыі стала 80-годдзе вызвалення Беларусі

6 ліпеня, Александрыя . Галоўнай тэмай маладзёжнай пляцоўкі на Александрыі стала 80-годдзе вызвалення Беларусі,

Тэма 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прайшла чырвонай ніткай праз усе тэматычныя пляцоўкі рэспубліканскага свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»). У прыватнасці, у гэтым годзе зменена канцэпцыя маладзёжнай пляцоўкі: установы сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі прадставілі не толькі вырабленую ў час адукацыйнага працэсу прадукцыю, але і праекты, накіраваныя на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, — музейныя экспазіцыі, тэматычныя пляцоўкі і фотазоны.


Так, у цэнтры маладзёжнай пляцоўкі размясцілася зона пад назвай «Партызанскі край» — стылізаваны інтэр’ер зямлянкі са зброевай майстэрняй і палявой кухняй. Тут пастараліся поўнасцю ўзнавіць партызанскі побыт часоў Вялікай Айчыннай вайны — на скорую руку збітыя лаўкі і сталы, няхітрае начынне і нават чырвоны сцяг. Побач аформлены тэматычныя фотазоны, дзе можна прымераць баявое адзенне, патрымаць у руках баян. Дарэчы, сімвал Перамогі — яблыневы цвет — упрыгожыў тут кожную палатку.


Маладзёжная пляцоўка дапоўнена інтэрактыўнай экспазіцыяй «Зброя і тэхніка Перамогі», дзе прадстаўлена камп’ютарная гульня, распрацаваная Магілёўскім політэхнічным каледжам. Тут жа размясцілася выстава «Кузня Перамогі» Магілёўскага дзяржаўнага машынабудаўнічага каледжа, у якую ўвайшлі фотаматэрыялы і ўзоры прадукцыі, што выраблялася ў гады вайны.

«Перыяд Вялікай Айчыннай вайны тут максімальна візуалізавалі, каб кожны наведвальнік змог дакрануцца рукамі да гісторыі і Перамогі, адчуў радасць вызвалення і мірнага неба», — падкрэслілі ў галоўным упраўленні па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама.

Недалёка ад пляцоўкі прыпаркаваліся два музеі на колах — брэндзіраваныя аўтобусы з экспазіцыямі. Адна з іх прэзентуе міжнародны маладзёжны праект Магілёўскага аблвыканкама «Дарогамі памяці і славы». На гэтай жа пляцоўцы прэзентаваны экспазіцыі абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» і Магілёўскага абласнога ваенкамата — узоры зброі, рэканструктары-партызаны. У другім аўтобусе размясціўся выставачны праект «80 рэліквій Вялікай Айчыннай вайны» абласнога краязнаўчага музея імя Раманава.


«У гэтым годзе наш абласны музей аб’явіў конкурс сярод раённых музеяў на лепшы ваенны прадмет, — адзначыла намеснік дырэктара ўстановы культуры Аляксандра Буракова. — Па яго выніках мы стварылі выставу, якая ўключала 80 самых унікальных экспанатаў. У музейным аўтобусе ў нас прадстаўлены ўнікальныя матэрыялы, у тым ліку з запаснікаў пераможцаў конкурсу. Так, у экспазіцыі знаходзіцца каска і абразок з выявай Мікалая Цудатворца. Гэту каску знайшлі пошукавікі ў 2016 годзе ў Быхаўскім раёне, а калі вывучалі падшлемнік, знайшлі абразок. Яна ў нас на выставе выступае сімвалам веры, бо перад тварам смерці многія пачыналі верыць у Бога і насілі з сабой такія прадметы — маліліся і верылі, што застануцца ў жывых».

Таксама ў экспазіцыі — гімнасцёрка з Асіповіцкага раёна. «Яе знайшлі нядаўна пры зносе старога дома, як мяркуецца, яна належала байцу 1941 года, які, магчыма, знаходзіўся тут на лячэнні, — прадоўжыла Аляксандра Буракова. — Лёс гэтага байца невядомы, але ў 2024 годзе гімнасцёрка трапляе ў фонды Асіповіцкага музея, прымае ўдзел у конкурсе і займае першае месца як сімвал трагедыі пачатковага перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Варта адзначыць, што гімнасцёрка суправаджала салдата на працягу ўсёй вайны, і яна — знакавы прадмет на нашай выставе».

Паводле слоў субяседніцы, нават на «Купалле» ў Александрыі, свяце нацыянальнай культуры, заўсёды ёсць месца памяці пра наша гістарычнае мінулае, і гэта тэма актуальна на фестывалі. «Мы павінны помніць, што цяпер можам сустракацца, праводзіць фестывалі. І ўсё гэта дзякуючы таму, што перамаглі ў вайне. На нашай зямлі няма акупантаў, і мы можам жыць свабодна — радавацца і весяліцца. Экспазіцыя яшчэ раз прымушае задумацца аб тым, што трэба берагчы мір».

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть