Спорт

Гомель і Віцебск прымуць стартавыя матчы 19-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі


Фота з архіва

22 жніўня, Мінск . Двума паядынкамі адкрыецца 19-ы тур футбольнага чэмпіянату Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі,

У стартавым матчы сённяшняга дня футбалісты «Гомеля» прымуць у сябе дома барысаўскі БАТЭ (пачатак гульні ў 19.00). У першым крузе ў Барысаве сапернікі разышліся мірам — 0:0. На мінулым тыдні гамяльчане пацярпелі трэцяе паражэнне запар, прайграўшы ў Мазыры мясцовай «Славіі» (1:2), а барысаўчане перапынілі зацяжную серыю няўдач, перамогшы на сваёй арэне футбалістаў «Маладзечна» (2:1). У другой сустрэчы лідар першынства «МЛ Віцебск» згуляе на сваім полі з наваполацкім «Нафтанам» (пачатак у 20.55; прамая трансляцыя на тэлеканале «Беларусь 5»). У Наваполацку віцябчане разграмілі гаспадароў з лікам 3:0, а ў мінулым туры згулялі ўнічыю з брэсцкім «Дынама» (1:1) і застаюцца адзінай камандай, не прайграўшай ніводнага матчу ў гэтым чэмпіянаце. Новапалачане пасля двух фіяска запар у мінулы ўік-энд нечакана атрымалі значную перамогу над футбалістамі «Віцебска» (3:0) і не маюць намеру спыняцца на дасягнутым.

Заўтра адбудуцца яшчэ тры гульні: «Смаргонь» — «Дынама» (Брэст), «Маладзечна» — «Мінск», «Арсенал» (Дзяржынск) — «Тарпеда-БелАЗ» (Жодзіна). У нядзелю, 24 жніўня, пройдуць дзве сустрэчы. У цэнтральным паядынку гэтага тура мінскае «Дынама», якое ідзе трэцім, прыме «Славію», што займае другую пазіцыю ў турнірнай табліцы. «Іслач» з Мінскага раёна будзе сапернічаць з «Віцебскам». Матч «Слуцк» — «Нёман» (Гродна) перанесены на больш позні тэрмін.

Становішча ў лідзіруючай групе цяпер такое: «МЛ Віцебск» — 46 ачкоў (18 матчаў), «Славія» (Мазыр) — 38 (18), «Дынама» (Мінск) — 32 (16), «Дынама» (Брэст) — 32 (18). Спіс лепшых бамбардзіраў узначальвае нападаючы «Іслачы» Аляксандр Шасцюк, які забіў 12 мячоў, на два галы менш забіў Андрэй Салавей са «Славіі».

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть