Якая сітуацыя складваецца на палях Беларусі і як на ўраджай паўплывала надвор’е

8 жніўня, Мінск . Якая сітуацыя з ураджаем на палях Беларусі, расказала на прэс-канферэнцыі начальнік службы гідралогіі і аграметэаралогіі Белгідрамета Кацярына Істоміна,
Цёплыя зімы ў Беларусі ўплываюць на сельскагаспадарчыя культуры і на тое, што адбываецца на палях вясной. «Бясснежжа апошнія гады — гэта вельмі сур’ёзнае выпрабаванне для зімуючых культур, у першую чаргу для азімага рапсу, які найбольш адчувальны да перападаў тэмператур», — растлумачыла Кацярына Істоміна.
Катаклізмы накладаюць адбітак на сельскую гаспадарку і ўраджайнасць. «Калі папярэднія гады пасевы ў нас цярпелі ад засухі, то ў бягучым годзе адзначаецца пераўвільгатненне. У веснавы перыяд з нізкімі тэмпературамі гаспадаркі краіны недаатрымалі ўраджай пладовых, ягадных культур, шматгадовых траў. Першы ўкос быў вельмі невялікі. Затым, вядома, ўмовы надвор’я палепшыліся, але веснавыя замаразкі нанеслі вельмі істотны ўрон сельскай гаспадарцы», — адзначыла начальнік службы гідралогіі і аграметэаралогіі.
У чэрвені недахоп цяпла неспрыяльна ўплываў на развіццё цеплалюбівых культур. У першую чаргу кукурузы, грэчкі, таматаў, агуркоў. Аднак дастатковая вільгацезабяспечанасць у чэрвені і невысокая тэмпература садзейнічалі фарміраванню прадукцыйнасці збожжавых культур, рапсу, лёну, караняплодаў.
У паўночных рэгіёнах у чэрвені пасля інтэнсіўных дажджоў назіраліся павышаныя запасы вільгаці ў глебе. У многіх раёнах Віцебскай вобласці на працягу месяца захоўвалася пераўвільгатненне глебы. Месцамі адзначаўся застой вады, на некаторых участках ён прывёў да палягання пасеваў.
Складаныя ўмовы былі і ў ліпені. «З аднаго боку, перавага ўмераных тэмператур і дастатак вільгаці на асноўных масівах садзейнічалі фарміраванню коласа ў збожжавых, павялічылася працягласць наліву збожжа, а таксама садзейнічалі росту клубняў бульбы, караняплодаў, вегетатыўнаму нарастанню масы траў. Пры гэтым пераўвільгатненне і праходзячыя дажджы стваралі перадумовы для з’яўлення хвароб, у першую чаргу на бульбе, і прывялі да палягання пасеваў на даволі сур’ёзных плошчах», — звярнула ўвагу Кацярына Істоміна.
Паводле яе слоў, у развіцці большасці культур у бягучым годзе адзначаецца адставанне ад мінулагодніх тэрмінаў. «Дажджлівае надвор’е асабліва паўплывае на бульбу — на гэты час пераўвільгатненне прывяло да з’яўлення фітафторы на пасевах на даволі вялікіх плошчах. У бягучым годзе нельга назваць спрыяльнымі ўмовы для вырошчвання кукурузы. З-за недахопу цяпла гэта культура прыкметна адстае ад тэрмінаў. Пры гэтым ураджай збожжавых культур у бягучым годзе ў нас сфарміраваўся добры. Наліванне зярнят з-за ўмераных тэмператур прадаўжалася 2-3 тыдні, што станоўча паўплывала на паўнаважкасць коласа», — растлумачыла начальнік службы гідралогіі і аграметэаралогіі.
Аграрыі ў час уборкі ўраджаю зведваюць сур’ёзныя выпрабаванні. «Даджы стрымлівалі ўборку. Цяпер сітуацыя крыху палепшылася ў сувязі са змяншэннем колькасці ападкаў і прасыханнем глебы. Паводле апошніх даных назіранняў Белгідрамета, на пераважнай частцы тэрыторыі Беларусі верхні 10-сантыметровы слой глебы дасягнуў умеранага ўвільгатнення, што забяспечвае спрыяльныя ўмовы для правядзення ўборачных работ, пачатку сяўбы азімага рапсу. Ужо ў некаторых паўднёвых раёнах у нас адзначаецца недахоп вільгаці, але ў паўночных і паўночна-ўсходніх раёнах краіны па-ранейшаму адзначаецца пераўвільгатненне. У бліжэйшы час чакаецца паляпшэнне сітуацыі для сельскай гаспадаркі, перш за ўсё для цеплалюбівых культур — кукурузы і цукровых буракоў», — падзялілася прагнозам Кацярына Істоміна.

