Культура

Ад выкупу нявесты да каравая. Вясельны абрад Палесся аднавілі на фестывалі ў Моталі 

9 жніўня, Іванаўскі раён . Аграгарадок Моталь Іванаўскага раёна зноў стаў цэнтрам прыцягнення для аматараў народных традыцый і смачнай кухні. Тут 13-ы раз праходзіць міжнародны фестываль фальклору «Мотальскія прысмакі», галоўнай тэмай якога ў гэтым годзе стала «мотальскае вяселле»,  

Госці свята могуць убачыць поўны вясельны абрад Палесся: ад прыёму сватоў і развітання нявесты з бацькоўскім домам да выкупу, выпечкі каравая і іншых элементаў, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. 


Арганізатары запэўніваюць, што тэма фестывалю выбрана невыпадкова, бо вясельны абрад аб’ядноўвае людзей розных узростаў і да гэтага часу захоўваецца ў вёсках Палесся. 

Па традыцыі фестываль пачаўся з малітвы: раніцай у Спаса-Праабражэнскай царкве адбыўся малебен. А затым ажылі вуліцы Моталя: адкрыўся гандлёва-выставачны кірмаш рамёстваў «Суквецце мастацтваў», дзе больш за 300 майстроў прапанавалі свае вырабы. 

На падворках гасцей частуюць традыцыйнымі стравамі і напіткамі. Мясцовыя гаспадыні прапануюць каўбасы, мяса, хатнюю выпечку, а на выстаўцы «Мотальская шклянка» можна пакаштаваць травяныя чаі і настойкі. 

Галоўная сцэна сустрэла гасцей тэатралізаваным шэсцем «Высільны шпацыр». У свяце прымаюць удзел творчыя калектывы з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама прадстаўнікі армянскай, грузінскай, малдаўскай, украінскай, татара-башкірскай і яўрэйскай дыяспар. 

Намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Віктар Рафаловіч адзначыў, што фестываль не толькі захоўвае, але і развівае нацыянальныя традыцыі. «Асаблівасць гэтага года — акцэнт на палескім вяселлі. Гэта ўжо 13-ы міжнародны фестываль, які ўвайшоў у гісторыю і стаў важнай культурнай традыцыяй. Дзякуючы ўвазе кіраўніка дзяржавы да захавання рамёстваў і нематэрыяльных каштоўнасцей такія мерапрыемствы атрымліваюць падтрымку на рэспубліканскім узроўні. Прыемна бачыць, што традыцыі цікавыя і майстрам, і моладзі. Сёння мы ўбачылі шмат маладых рамеснікаў, якія не толькі дэманструюць вырабы, але і ўмеюць іх рабіць. Гэта дае ўпэўненасць, што культура будзе перадавацца далей, фарміруючы ў маладога пакалення павагу да сваёй гісторыі і продкаў», — сказаў ён. 


Фестываль даўно перасягнуў межы рэгіёна. Тут можна сустрэць не толькі жыхароў суседняй Расіі, але і гасцей з іншых краін — нехта прыязджае ў прыватным парадку, нехта ў складзе дэлегацый. «Гэта сведчыць аб тым, што для людзей, якія ствараюць і развіваюць, няма меж. Іх аб’ядноўваюць дружалюбнасць, жаданне сустракацца і асабіста дакрануцца да беларускіх традыцый, а не глядзець на іх толькі ў інтэрнэце», — адзначыў намеснік старшыні. 

Паводле слоў Віктара Рафаловіча, фестываль — гэта магчымасць для кожнага адчуць душу беларуса, яго гасціннасць, адкрытасць і працавітасць. 

Ля мясцовага Дома культуры пад спёкай і лёгкім жнівеньскім ветрам калыхаюцца белыя і крэмавыя спадніцы, нібыта ажылыя ўспаміны. Вельмі тонкія карункі дрыжаць на сонцы, атлас пераліваецца мяккім бляскам, а вышытыя падолы ледзь дакранаюцца да зямлі. Кожная з гэтых вясельных сукенак — не проста ўбор, а жывая гісторыя, у якой ёсць юнацтва, хваляванне і першая шлюбная клятва. «Тут прадстаўлена 36 сукенак, — расказвае дырэктар ДУК «Цэнтральная раённая бібліятэка імя Ф.І. Панферава» Алена Данількевіч. — Яны адлюстроўваюць розныя перыяды: ад канца 1930-х гадоў да двухтысячных. Ёсць арыгіналы з музея, ёсць уборы, якія жанчыны дзесяцігоддзямі захоўвалі ў сябе на антрэсолях. Цяпер яны «выгульваюць» іх зноў, і, як самі кажуць, не дарэмна бераглі — няхай людзі паглядзяць. 

На выстаўцы можна прасачыць цэлую храналогію вясельнай моды: сціплыя хустачкі 60-х, пышныя спадніцы і фацін 80-х, бляск і смелыя фасоны 90-х, больш лаканічныя сілуэты 2000-х. Мода, як адзначае Алена Іванаўна, заўсёды рухаецца па спіралі: у трэндзе то мініяцюрныя капялюшыкі, то яны вяртаюцца ў павялічаным выглядзе; недзе ўступаюць месца вяночкам, сплеценым з жывога «вянерынага воласа», а потым адраджаюцца ў новым прачытанні. 

Побач з экспазіцыяй — легендарная «Волга» 70-х гадоў колеру спелай вішні. Некалі такі аўтамабіль на вяселлі быў прыкметай дастатку. Сёння ж яна стала часткай экспазіцыі, гарманічна ўпісаўшыся ў атмасферу, дзе кожная дэталь — гэта адсылка да нечай шчаслівай даты ў мінулым. 

Сярод гасцей фестывалю — нямала турыстаў з замежжа. Напрыклад, масквічка Вольга Крыванос прыехала ў Моталь з сям’ёй і, як прызнаецца, засталася ў поўным захапленні. «Мы з сям’ёй упершыню на гэтым свяце, даведаліся пра яго ад сяброў, — расказвае Вольга. — З самага пачатку ўсё парадавала: пачаставалі духмяным чаем з вялізнага самавара. Для бацькоў на дачу купіла лазневыя прылады, якія рабілі беларускія рамеснікі, — прыгожае люстэрка, драўляную расчоску і коўш для парылкі». 

Паводле яе слоў, на фестывалі панавала асаблівая атмасфера шчодрасці. «Наеліся ўволю! Радуе, што многае тут даюць проста так, не просячы ні капейкі. Вельмі смачныя чаі, а яшчэ ўразіў партызанскі вясельны стол — у тыя гады было не да кулінарных тонкасцей і людзі ставілі на стол тое, што маглі. Паспрабавала аладкі з крапівой — незвычайны смак, але не так ужо і дрэнна. Дзеці былі ў захапленні: каталіся на машынцы-дыназаўры, фатаграфаваліся з пандай. Любім беларускую гасціннасць — яна па-сапраўднаму цёплая», — адзначыла Вольга. 

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть