Уважлівыя да дробязей. Доўгатэрміновы наглядальнік ад СНД ацаніў работу на сталічным участку для галасавання
21 лютага, Мінск . Наглядальнікі ад Садружнасці Незалежных Дзяржаў уважлівыя да дробязей, ацэньваючы ход выбарчай кампаніі ў Беларусі, паведаміў журналістам доўгатэрміновы наглядальнік ад СНД Аляксей Сазонаў пасля наведвання ўчастка для галасавання нумар 687 у Мінску,
Ён адзначыў, што міжнародныя наглядальнікі сочаць за ходам выбарчай кампаніі з першага яе дня. «Нам зразумелы нюансы, развіццё падзей, — сказаў ён. — Сёння другі дзень датэрміновага галасавання. Некалькі ўчасткаў наведалі, у тым ліку гэты дастойны ўчастак».
Паводле яго слоў, «ідзе працэс заканамерны, дакладны, згодна з патрабаваннямі нарматыўных дакументаў».
Аляксей Сазонаў заўважыў, што на ўсе пытанні былі дадзены выразныя адказы. «Мы не бачым, шчыра кажучы (прычын. — Заўвага БЕЛТА), чаму нехта можа меркаваць інакш, чым мы. Мне здаецца, у вашым выпадку ў Беларусі ўсё зразумела, таму што тут выдатныя выканаўцы, выдатныя члены камісій. Вельмі адказныя, добрасумленныя», — заўважыў ён.
Адказваючы на пытанне, на якія моманты звяртаюць увагу доўгатэрміновыя наглядальнікі пры наведванні ўчасткаў для галасавання, Аляксей Сазонаў указаў, у прыватнасці, на наяўнасць і размяшчэнне інфармацыйных матэрыялаў, кабінак, работу ўчастковых камісій, магчымасці для размяшчэння наглядальнікаў.
«Далей ацэньваецца сам працэс выбараў: наяўнасць дакументаў, спіса, у які выбаршчык унесены. Правяраем, каб ён паказаў свой дакумент, атрымаў два бюлетэні, распісаўся, паставіў правільна даты, свой подпіс», — растлумачыў наглядальнік.
Ён заўважыў, што размова з прыйшоўшымі сёння на ўчастак паказала: нішто не перашкаджала іх свабоднаму волевыяўленню.
Аляксей Сазонаў таксама расказаў, што не першы раз назірае за выбарамі ў Беларусі. «Мне здаецца, поспех у многім залежыць ад таго, як пастаўлена справа. Усё вельмі адкрыта, усё правільна, — сказаў ён. — Яшчэ некалькі дзён паходзім да выбараў і зробім канчатковыя вывады пасля іх завяршэння. Пажадаю ўсім вытрымаць гэты добры ўзровень падрыхтоўкі і пачатку выбарнай кампаніі».
Пракаменціраваў Аляксей Сазонаў і рашэнне Беларусі не запрашаць наглядальнікаў ад АБСЕ. Паводле яго слоў, гэта рашэнне «было дарэчы, і яно не перашкодзіць вам выбраць дастойных людзей».
Між тым, як расказаў Аляксей Сазонаў, раней ён сам працаваў у складзе місіі гэтай міжнароднай арганізацыі. Ён удакладніў, што размова ідзе пра падзеі 25-гадовай даўнасці ва Украіне. «І тады былі асаблівасці ў рабоце гэтых наглядальнікаў», — заўважыў ён, растлумачыўшы, што мае на ўвазе скажэнне рэчаіснасці ў падагульняючай справаздачнасці. «Раптоўна даведваўся, што калегі на сваім зборышчы ўвечары перадапошняга дня прыдумвалі справаздачнасць, якая ніяк не адпавядае рэчаіснасці», — растлумачыў ён. Паводле слоў наглядальніка, на аб’ектыўнасць не даводзіцца разлічваць і сёння. «Цяпер з усёй відавочнасцю выходзіць за рамкі тое, што робіцца ў нашых былых заходніх партнёраў у ацэнках падзей у нашых краінах. Аб’ектыўнасці вы не бачыце, як і я, ні ў чым: ні ў ацэнцы нашых унутраных падзей, ні ў ацэнцы цяперашняй палітыкі нашых краін», — заўважыў Аляксей Сазонаў.
Старшыня ўчастковай выбарчай камісіі нумар 687, размешчанай у Партызанскім раёне Мінска, Аляксей Калеснікаў у каментарыі адзначыў, што выбарчая кампанія праходзіць даволі актыўна. Прагаласавала ўжо каля 5 працэнтаў уключаных у спісачную колькасць участка.
«Людзі актыўна прымаюць удзел і прыходзяць на ўчастак у дні датэрміновага галасавання. Мы вельмі рады таму, што людзі праяўляюць сваю грамадзянскую пазіцыю. Спадзяюся, што ўсё пройдзе ў штатным рэжыме, без парушэнняў. І людзі аддадуць свой голас за таго кандыдата, якога яны лічаць найбольш дастойным», — адзначыў ён.
Паводле слоў Аляксея Калеснікава, высокая актыўнасць выбаршчыкаў сведчыць аб тым, што грамадзяне разумеюць усю значнасць праводзімай электаральнай кампаніі.